Сцены манастыра XII стагоддзя адкрыліся пры пракладцы газаправода ў Полацку
21 верасня ў Полацку пры пракладцы газаправода на Юбілейным завулку ў траншэі адкрыліся сцены будынкаў Барысаглебскага манастыра XII стагоддзя.
Гэта ўжо другі выпадак пасля лютага 2015 года. Тады каўш экскаватара закрануў частку падмурка меркаванага вялікага сабора храма Бельчыцкага манастыра, у бакавой частцы траншэі з'явілася частка сцяны старажытнага будынка, выкладзеная з плінфы. Тэрыторыя, на якой цяпер вядуцца земляныя работы, уваходзіць у ахоўную зону гісторыка-археалагічнага музея-запаведніка Полацка, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
Барысаглебскі манастыр быў заснаваны полацкім князем Барысам Усяславічам у XII стагоддзі. Ёсць здагадкі, што на гэтым месцы размяшчалася і княская рэзідэнцыя ў Бельчыцах. Манастыр налічваў не менш за чатыры храмы. Ён уключаў так званы Вялікі сабор (сапраўдная назва невядомая), Пятніцкую і Барысаглебскую цэрквы і храм-трыконх.