Кошт лекаў вытворчасці "БелВітуніфарм" складзе 30-80% ад цэн на замежныя аналагі
4 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кошт лекавых прэпаратаў, вырабленых на РВУП "БелВітуніфарм", будзе складаць ад 30 да 80% кошту аналагічных замежных лекаў. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, які прымаў удзел у рабоце штаба па будаўніцтве першага ў вобласці фармацэўтычнага прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да ліпеня 2010 года на новым прадпрыемстве будзе ўведзена ў эксплуатацыю лінія па фасоўцы і ўпакоўцы лекавых прэпаратаў. Прадпрыемства дасягнула дамоўленасці аб адкрыцці замежнай крэдытнай лініі на закупку абсталявання. Як чакаецца, яго мантаж пачнецца ў лютым будучага года. Увод у эксплуатацыю лініі дазволіць прадпрыемству асвоіць выпуск 50 найменняў лекавых сродкаў, 47 з якіх будуць выпускацца ў таблетачнай форме, астатнія ў жалацінавых капсулах. Гэта супрацьзапаленчыя, антыбактэрыяльныя прэпараты, а таксама прызначаныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, стрававання.
Другі этап рэалізацыі праекта разлічаны на перыяд да 2011 года і прадугледжвае стварэнне вытворчасці па поўным тэхналагічным цыкле: ад атрымання субстанцыі да выпуску лекавых форм. У агульным аб'ёме вытворчасці на цвёрдыя формы будзе прыпадаць 68%, на мяккія (мазі і гелі) - каля 11%, астатняе - стэрыльныя прэпараты для ін'екцый. Гадавы аб'ём вытворчасці складзе каля 100 млн. еўра. Прадпрыемства будзе экспартаарыентаваным.
Трэці этап развіцця вытворчасці прадугледжвае стварэнне навуковай базы сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і выпуск арыгінальных прэпаратаў.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, стварэнне такой вытворчасці дазволіць эканоміць значныя валютныя сродкі на закупку замежных прэпаратаў. "Недапушчальна, каб імпартная выручка валаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі марнавалася на закупку лекаў", - лічыць губернатар. Па дадзеных канцэрна "Белбіяфарм", ёмістасць беларускага рынку медпрэпаратаў складае $600 млн., пры гэтым айчынныя прадпрыемствы ў цяперашні час вырабляюць лекаў толькі на $100 млн. Акрамя таго, на "БелВітуніфарм" будзе створана больш за 1 тыс. новых працоўных месцаў. Паступленні ў бюджэт складуць каля 1 млн. еўра.-0-