Кошт паскоранага афармлення пашпартоў у Беларусі з 16 мая будзе зніжаны
14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 16 мая кошт паскоранага афармлення пашпартоў будзе зніжаны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Змяншэнне кошту прадугледжана ўказам Прэзідэнта Беларусі ад 26 красавіка №200. Гэты дакумент устанаўлівае адзіны тэрмін вырабу пашпарта беларускага грамадзяніна ў паскораным парадку – 15 каляндарных дзён, а не 10 рабочых. Пры гэтым аплата складзе Br17,5 тыс. (раней – Br20 тыс.).
Калі раней пашпарт грамадзянам, якія хадайнічалі аб выездзе на пастаяннае пражыванне за межы краіны, у паскораным парадку афармлялі за 30 дзён, то з 16 мая тэрмін складзе 45 дзён пры аплаце Br35 тыс. (раней – Br30 тыс.).
Акрамя таго, дазволена рэгістрацыя па месцы знаходжання на тэрыторыі Беларусі тэрмінам да 6 месяцаў беларускім грамадзянам, якія выехалі на пастаяннае пражыванне за межы краіны, па пашпартах серыі РР. Пры рэгістрацыі ім выдаецца пасведчанне, устаноўленае заканадаўствам.
Акрамя гэтага, цяпер пры афармленні пашпартоў грамадзянам Беларусі малодшым за 16 гадоў неабходна аплачваць камп'ютарную рэгістрацыю ў памеры 0,2 базавай велічыні (у цяперашні час адна базавая роўная Br35 тыс.). З уступленнем у сілу новага ўказа гэтая працэдура адмяняецца. Афармленне пашпарта непаўналетняму з 16 мая будзе бясплатным, калі дакумент афармляецца не ў паскораным парадку.-0-