Ці варта бізнесменам баяцца зменаў у заканадаўстве? Каментарый спецыяліста

Стоит ли бизнесменам бояться изменений в законодательстве? Комментарий специалиста

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2014 г. № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі» выклікаў неадназначную рэакцыю прадстаўнікоў малога бізнесу. Ці варта баяцца змяненняў?

За тлумачэннем асноўных палажэнняў дакумента і змяненняў умоў дзейнасці бізнесменаў «Віцебскія весці» звярнуліся да намесніка начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці Таццяны Ліпскай.

– Якія змяненні ў дзейнасці прадпрымальнікаў – плацельшчыкаў адзінага падатку ў частцы наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё (паступленне) тавараў, уводзяцца гэтым указам?

– Нарматыўны акт прадугледжвае для індывідуальных прадпрымальнікаў – плацельшчыкаў адзінага падатку з 1 ліпеня 2014 года абавязак па наяўнасці на ўсе тавары, што рэалізуюцца, у тым ліку і тыя, што ўвозяцца з краін Мытнага саюза, дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё (паступленне) гэтых тавараў у месцах іх захоўвання, рэалізацыі і пры іх перавозцы (транспарціроўцы).

– Якія менавіта дакументы будуць пацвярджаць факт набыцця тавару пры яго ўвозе з тэрыторыі дзяржаў – членаў Мытнага саюза?

– Гэта першасныя ўліковыя дакументы, прадугледжаныя закана¬даўствам дзяржавы, на тэрыторыі якой набыты тавары, з дадаткам да іх касавых (таварных) чэкаў, квітанцый або іншых дакументаў, якія пацвярджаюць факт аплаты, а таксама рахункаў-фактур, калі іх афармленне прадугледжана закана¬даўствам дзяржавы – члена Мытнага саюза, на тэрыторыі якой набыты тавары.

– У выпадку ўвозу тавару з Расіі якія патрабаванні прад'яўляюцца да афармляемых там першасных уліковых дакументаў?

– Абавязковымі рэквізітамі з'яўляюцца: найменне дакумента, дата яго складання, найменне суб'екта, які склаў дакумент, змест факта гаспадарчай дзейнасці, велічыня натуральнага і (або) грашовага вымярэння факта гаспадарчай дзейнасці з указаннем адзінак вымярэння, найменне пасады асобы, якая здзейсніла здзелку, аперацыю, подпісы з указаннем іх прозвішчаў і ініцыялаў.

– А пры ўвозе тавару з Казахстана?

– Там да абавязковых рэквізітаў закон адносіць найменне дакумента, дату складання, найменне арганізацыі або прозвішча і ініцыялы прадпрымальніка, ад імя якіх складзены дакумент, змест аперацыі або падзеі, іх адзінкі вымярэння (у колькасным і вартасным вымярэнні), найменне пасад, прозвішчы, ініцыялы і подпісы асоб, адказных за здзяйсненне аперацыі, ідэнтыфікацыйны нумар.

– Якімі дакументамі можна пацвердзіць факт аплаты тавараў пры набыцці іх у Расіі?

– Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прымяняюць кантрольна-касавую тэхніку (ККТ), абавязаны выдаваць пакупнікам пры ажыццяўленні наяўных грашовых разлікаў і (або) разлікаў з выкарыстаннем плацежных карт аддрукаваныя касавыя чэкі. У выпадку прыёму наяўных грашовых сродкаў без выкарыстання ККТ па патрабаванні пакупніка выдаецца дакумент (таварны чэк, квітанцыя або іншы дакумент), які пацвярджае прыём грашовых сродкаў за адпаведны тавар (работу, паслугу).

– Ці прадугледжана прадстаўленне рахунка-фактуры пры ўвозе тавару з Расіі і ў якіх выпадках?

– Выстаўленне (выпіска) рахункаў-фактур рэгламентавана арт. 169 Падатковага кодэкса Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым асобныя расійскія падаткаплацельшчыкі, якія не плацяць ПДВ (напрыклад, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання), у адпаведнасці з расійскім заканадаўствам не ажыццяўляюць выстаўленне (выпіску) рахункаў-фактур. Такім чынам, пры рэалізацыі тавараў такімі плацельшчыкамі рахункі-фактуры пакупнікам не выстаўляюцца.

– Ці дапускаецца пасля 1 ліпеня 2014 года рэалізацыя рэшткаў тавару, набытага да ўказанай даты і на які адсутнічаюць дакументы?

– Для індывідуальных прадпрымальнікаў – плацельшчыкаў адзінага падатку ўказам устаноўлены пераходны перыяд да 1 сакавіка 2015 г., на працягу якога ім прадастаўлена права рэалізоўваць рэшткі тавараў, увезеных на тэрыторыю Беларусі з тэрыторыі краін Мытнага саюза да 1 ліпеня 2014 г. без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё (паступленне), на падставе вопісу такіх тавараў. У тэрмін не пазней 30 ліпеня 2014 г. індывідуальныя прадпрымальнікі павінны будуць прадставіць для рэгістрацыі ў падатковыя органы вопіс рэшткаў названых тавараў.

Неабходна звярнуць увагу прадпрымальнікаў, што вопісы рэшткаў тавараў, прадстаўленыя пасля 30.07.2014, не будуць зарэгістраваны. Адпаведна, тавар, на які адсутнічаюць дакументы і не пазначаны ў вопісах, не дапускаецца да рэалізацыі.

Продаж рэшткаў тавараў у рознічным гандлі будзе ажыццяўляцца да 1 сакавіка 2015 г. з выплатай адзінага падатку і ПДВ у фіксаваных сумах.

Акрамя таго, індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права ажыццяўляць аптовы гандаль рэшткамі тавараў арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам на падставе першасных уліковых дакументаў, аформленых у адпаведнасці з заканадаўствам, з выплатай падаходнага падатку з фізічных асоб або падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, ПДВ у адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, пры наяўнасці на ўсе рэалізуемыя тавары дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё (паступленне), індывідуальныя прадпрымальнікі – плацельшчыкі адзінага падатку маюць права будуць перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання (ССП) з 1 ліпеня або з 1 кастрычніка 2014 года, прадставіўшы ў падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік паведамленне аб пераходзе на ССП пры ўмове, што не будуць рэалізоўвацца рэшткі тавараў, на якія адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць набыццё.

– Якім чынам плацельшчыкі адзінага падатку будуць сплачваць ПДВ з 1 ліпеня 2014 г. пры ўвозе тавараў з тэрыторыі дзяржаў – членаў Мытнага саюза?

– У дадзеным выпадку індывідуальныя прадпрымальнікі – плацельшчыкі адзінага падатку замест выплаты ПДВ у фіксаванай суме абавязваюцца сплачваць «ўвазны» ПДВ. Штомесяц, але не пазней 20 чысла месяца, наступнага за месяцам увозу тавару, неабходна прадставіць падатковую дэкларацыю па ПДВ і сплаціць разлічаную суму падатку.

– Якія яшчэ змены ва ўмовах ажыццяўлення дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў прадугледжаны гэтым указам?

– Можна адзначыць, што ўсім ІП прадастаўляецца права прыцягваць да сумеснай дзейнасці не больш за тры наёмных асобы незалежна ад роднасных сувязяў. Таксама здымаюцца абмежаванні па колькасці гандлёвых, абслугоўваючых і іншых аб'ектаў, якія выкарыстоўваюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў сваёй дзейнасці.

Сяргей Антонаў, "Віцебскія весці"