Стагоддзе «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча адзначаюць у Віцебску

Столетие "Черного квадрата" Казимира Малевича отмечают в Витебске

У Віцебску адзначаюць 100-годдзе вядомай карціны Казіміра Малевіча "Чорны квадрат", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава карцін, арт-аб'ектаў і інсталяцый удзельнікаў віцебскага творчага аб'яднання "Квадрат" - Галіны і Васіля Васільевых, Аляксандра Малея, Аляксандра Дасужава, Таццяны Макдзецавай, Аляксандра Слепава, а таксама супрэматыстаў з Мінска Анастасіі Ганчаровай і Уладзіміра Макаркава.

У экспазіцыю ўвайшлі 36 работ, выкананых у розных тэхніках. Тут можна ўбачыць карціны, напісаныя акрылам на палатне, алеем на фанеры, арт-аб'екты з тэкстылю, пластыка і паралону, а таксама ўзоры фігуратыўнага супрэматызму. Час стварэння твораў значна розніцца - арганізатары сабралі разам і экспанаты з дваццацігадовай гісторыяй, і тыя, што былі створаны ў бягучым годзе. Аб'ядноўвае творы тэма чорнага квадрата, якая адгадваецца ва ўсіх творах. Многія работы з'яўляюцца прысвячэннем Казіміру Малевічу.

Чорны квадрат як дэкаратыўны элемент упершыню з'явіўся ў Пецярбургу ў 1913 годзе ў пастаноўцы "Перамога над сонцам". Па задумцы Малевіча, квадрат закрываў сонца, а белая акантоўка па краях сімвалізавала прамяні, што прабіваюцца. Выява чорнага квадрата на паперы нарадзілася двума гадамі пазней. Падчас працы над эскізамі дэкарацый для брашуры аб футурыстычнай оперы Малевіч зафарбаваў абстрактныя фігуры і намаляваў зверху чорны квадрат. Так і з'явіўся новы напрамак у мастацтве – супрэматызм.

У 1919 годзе Малевіч прыехаў у Віцебск у якасці выкладчыка Народнай мастацкай школы, якая была арганізавана ў горадзе Маркам Шагалам. Тут ідэі супрэматызму, да гэтага часу распрацаваныя Малевічам тэарэтычна і канцэптуальна, атрымалі далейшае развіццё.

Алена Ціханава