Старонкі з нядаўняй даўніны
Не трэба глыбока капацца ў архівах, каб успомніць іншы Віцебск. Тут усё залежыць ад асабістага багажу пражытых гадоў кожнага: камусьці на думку прыйдзе ціхі сквер у самым сэрцы горада на плошчы Перамогі, а хтосьці выразна ўспомніць трамвайныя шляхі, што перасякалі горад па вуліцы Леніна, і многае-многае іншае. Сёння ў нашае свядомае ўжо даволі трывала ўпісаліся нанова адбудаваныя сцены храмаў і цэркваў. Выснова адна: горад жыве і дыхае. А яшчэ гадоў 20-30 таму Віцебск быў, калі не сказаць бязлікі і шэры, то максімальна прагматычны і функцыянальны. Прыкладна ў гэты час у нашым горадзе з'явіўся клуб аматараў старажытнасці «УЗГОР'Е», і з'явіўся ён, трэба прызнаць, у самы патрэбны момант.
Клуб «УЗГОР'Е», які ўзначальваў тады віцебскі гісторык і краязнавец Ігар ТІШКІН, аб'ядноўваў людзей самых розных узростаў і прафесій. Аб'ядноўвала ўсіх адно – захапленне гісторыяй роднага горада, а таксама імкненне адрадзіць яго культурны аблік. І за тое, якім Віцебск радуе нас сёння, мы можам шмат у чым быць абавязаны членам клуба «УЗГОР'Е». Зусім нядаўна Ігар ТІШКІН сумесна з Цэнтрам культуры «Віцебск» перавыдалі буклет «ВІЦЕБСКІЯ ЗАМКІ» – не толькі асабісты праца гісторыка, але і творчая спадчына таго самага клуба аматараў старажытнасці. Супрацоўнікі выставачнай залы «Духаўскі круглік» палічылі гэта знакавай падзеяй і выдатнай нагодай для таго, каб у сваіх сценах зноў сабраць разам членаў клуба «УЗГОР’Е» і успомніць тое, што было зусім даўно і разам з тым так нядаўна, але ўжо паспела ўвайсці ў летапісы горада.
25 красавіка. 16.30. Выставачная зала «Духаўскі круглік». «СТРАНІЦЫ З НЯДАЎНЯЙ СТАРАЖЫТНАСЦІ: ВІЦЕБСКІ КЛУБ «УЗГОР’Е». Прэзентацыя буклета Ігара ТІШКІНА «ВІЦЕБСКІЯ ЗАМКІ». Даведкі па тэлефонах: 35 81 39 і 37 22 92.