Краіны СНД працуюць над пашырэннем заканадаўства для свабоднага перамяшчэння тавараў на рынку

26 сакавіка, Мінск /Лілія Крапіўвіна - БЕЛТА/. Краіны СНД працуюць над пашырэннем заканадаўства, якое спрыяе свабоднаму перамяшчэнню прадукцыі і паслуг на рынку. Гэту тэму абмеркавалі сёння ў Кішынёве навукова-тэхнічныя камісіі па пацвярджэнні адпаведнасці і па акрэдытацыі Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі (МГС) краін СНД, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарта Беларусі. У рабоце камісій прынялі ўдзел прадстаўнікі нацыянальных органаў па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, а таксама Выканаўчага камітэта СНД і Бюро па стандартах МГС. Парадак дня пасяджэнняў уключаў каля 20 пытанняў, накіраваных на павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, ухіленне тэхнічных бар'ераў ва ўзаемным гандлі, умацаванне супрацоўніцтва ў тэхнічнай і эканамічнай сферах. Удзельнікі разгледзелі прапановы і заўвагі па праекце пагаднення "Аб модулях ацэнкі (пацвярджэння) адпаведнасці і патрабаваннях адносна маркіроўкі адзіным знакам доступу на рынак". Гэты дакумент будзе спрыяць гарманізацыі заканадаўства дзяржаў - удзельніц СНД у галіне пацвярджэння адпаведнасці з міжнароднымі падыходамі. А праект пагаднення накіраваны на стварэнне ўмоў для свабоднага перамяшчэння тавараў і паслуг. На пасяджэнні навукова-тэхнічнай камісіі па пацвярджэнні адпаведнасці былі абмеркаваны ход рэалізацыі палажэнняў Стратэгіі развіцця МГС на перыяд да 2020 года, накіраванай на павышэнне ролі міждзяржаўнай стандартызацыі, метралагічнага забеспячэння і ацэнкі адпаведнасці ў развіцці інтэграцыйных працэсаў у СНД. Гэты дакумент быў прыняты на нарадзе кіраўнікоў нацыянальных органаў па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі ў канцы 2008 года ў Кіеве. Акрамя таго, удзельнікі пасяджэнняў абмеркавалі пытанні правядзення міждзяржаўнага этапу конкурсу на суісканне прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг. На званне пераможцаў прэтэндуе больш за 20 прадпрыемстваў Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана і Украіны. Беларусь прадстаўляюць чатыры арганізацыі: ПА "Гомсельмаш", ААТ "Бабруйскаграмаш", ААТ "Полацк-Шкловалакно", ААТ "Бабулькіна крынка". Абмяркоўваўся праект пагаднення аб узаемным прызнанні работ па акрэдытацыі органаў па ацэнцы адпаведнасці, а таксама пытанні ўдасканалення ўзаемадзеяння з міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі па акрэдытацыі. Навукова-тэхнічныя камісіі прапанавалі пытанні ў парадак дня маючага адбыцца 35-га пасяджэння Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі дзяржаў СНД, якое адбудзецца ў чэрвені 2009 года ў Мінску. Беларусь у цяперашні час узначальвае МГС. Акрамя таго, у Беларусі ў красавіку бягучага года адбудуцца пасяджэнні навукова-тэхнічных камісій па стандартызацыі і па метралогіі.-0-