Будаваць Полацкую ГЭС будзе расійскае ААТ "Тэхнапрамэкспарт"
23 сакавіка, Мінск /Тамара Даўгалюк - БЕЛТА/. Будаваць Полацкую ГЭС будзе расійскае ААТ "Знешнеэканамічнае аб'яднанне "Тэхнапрамэкспарт". Дагавор на будаўніцтва пад ключ ужо падпісаны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара РУП "Віцебскэнерга" Уладзімір Дзіклаў.
Полацкая ГЭС магутнасцю 23 МВт будзе пабудавана на рацэ Заходняя Дзвіна. "Архітэктурны праект ужо распрацаваны і зацверджаны. Ідзе актыўная праца па вызначэнні праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва аб'екта", - адзначыў намеснік дырэктара. Катрактны кошт дагавора складае каля $100 млн. Фінансаванне аб'екта будзе ажыццяўляць Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.
Па словах начальніка аддзела перспектыўнага развіцця РУП "Віцебскэнерга" Віктара Антоніка, вядома, што пры выбары гідраагрэгатаў для будучай ГЭС расіяне аддалі перавагу чэшскай кампаніі Mavel. Гідравузел будзе аснашчаны тыпавым абсталяваннем, якое будзе адпавядаць усім сучасным экалагічным патрабаванням. Усталяваная на ГЭС праточная турбіна тыпу PIT Каплан выключыць пранікненне алею ў раку. Мяркуецца, што будаўніцтва завершыцца да 2014 года.
Плануецца, што на Заходняй Дзвіне будзе пабудавана чатыры гідраэлектрастанцыі. Полацкая ГЭС стане першай з іх. Затым будуць узведзены яшчэ 3 гідраэлектрастанцыі - Верхнядзвінская, Віцебская і Бешанковіцкая. Сумарная ўсталяваная магутнасць чатырох ГЭС складзе каля 120 МВт.-0-