Будаўнікі вобласці за мінулы год выканалі 10 з даведзеных 17 паказчыкаў.

Строители области за минувший год  выполнили 10 из доведенных 17 показателей.

Пасяджэнне калегіі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама, на якім былі разгледжаны вынікі выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны за 11 месяцаў 2012 года і задачы па ўводзе ў эксплуатацыю будаўнічых аб'ектаў на найбліжэйшую будучыню, старшыня камітэта Уладзімір Белавус адкрыў агульнай характарыстыкай работы комплексу:
– Будаўнікі з 17 даведзеных паказчыкаў за мінулы год выканалі 10. Асноўны з іх – увод у эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання. Пры заданні 400 тысяч квадратных метраў уведзена 402,5. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі – 31 працэнт пры заданні 30. Экспарт тавараў склаў 568 працэнтаў да ўзроўню 2011 года. Экспарт паслуг – 369. Перавыкананы нарматыў па зніжэнні энергаёмістасці прамысловай прадукцыі: пры заданні мінус 11 фактычны вынік – мінус 17,5. Выдаткі на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі зніжаны на 2,4 мільярда рублёў. Аднак, акрамя прыведзеных станоўчых момантаў, у дадзенай галіне нямала і адмоўных. Да прыкладу, паказчык па валавым рэгіянальным прадукце склаў 84,7 працэнта (пры заданні 109). Правалены паказчыкі па інвестыцыях у асноўны капітал – 72,4 працэнта пры прагнозных 110. Прыцягненне прамых замежных інвестыцый пры запланаваных 2,2 мільярда долараў склала толькі 400 мільёнаў. Рэнтабельнасць продажаў у два разы ніжэй за намечанае.
Яшчэ адна бяда – імклівае памяншэнне колькасці працаўнікоў. У будаўнічы комплекс уваходзіць 867 арганізацый, дзе занята каля 23 тысяч чалавек. Яшчэ год таму было 26. А максімальная колькасць зафіксавана ў
2009-м – больш за 33 тысячы. З гэтага часу ўцечка кадраў склала звыш 10 тысяч будаўнікоў.
 Па інвестыцыйнай праграме ў Прыдзвінне ў мінулым годзе ўведзена каля 50 аб'ектаў, на якіх асвоена амаль 460 мільярдаў рублёў. Палепшылі жыллёвыя ўмовы 287 шматдзетных сем'яў. Пабудавана 119 кватэр сацыяльнага карыстання, 192 – для адсялення грамадзян, якія пражываюць у старых і аварыйных дамах. На жаль, дзейнасць асобных будаўнічых арганізацый была недастатковай. Не забяспечана выкананне гадавога задання па будаўніцтве жылля ў абласным цэнтры, Віцебскім, Сенненскімм, Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім,
Дубровенскім, Міёрскім, Аршанскім, Полацкім, Пастаўскім, Талачынскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах. Не выканалі даведзеныя параметры арганізацыі «Полацксельбуд», «Віцебсксельбуд»,
ёсць прэтэнзіі да Віцебскага ДСК, дзе найбольшы адток кадраў – 35 працэнтаў, страты – 52 мільёны рублёў, а аб'ём падрадных работ усяго толькі 42 працэнты. Усімі гарадамі і раёнамі, акрамя Талачынскага, таксама дапушчана зніжэнне аб'ёмаў падрадных работ.
 Нягледзячы на рост вытворчасці, прадпрыемствы будіндустрыі ў цэлым аказаліся стратнымі. Істотна падвёў Обальскі керамічны завод, на якім страты склалі больш за 7 мільярдаў рублёў.
У 2013 годзе акцэнт будзе зроблены на мадэрнізацыю вытворчасцей. У гэтым напрамку ўжо працуюць Аршанскі, Варапаеўскі заводы ЖБВ, Обальскі керамічны завод. Таксама неабходна прыняць меры па захаванні кадравага патэнцыялу за кошт павелічэння аб'ёму падрадных работ і ўзроўню аплаты працы. Сярэдняя заработная плата па галіне склала ў 2012 годзе 4,2 мільёна рублёў. Сёння стаіць задача давесці гэты паказчык да 800 долараў ЗША.
Акрамя таго, у бягучым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю спальны корпус на 200 месцаў з харчаблокам у Лужаснянскім кадэцкім вучылішчы, Лядовы палац спорту ў Оршы, першы пускавы комплекс спартыўнага прызначэння па вуліцы Журжэўскай у Віцебску, дамы для дзяцей-сірот у Бешанковіцкім раёне і Талачыне, дзіцячы сад у Полацку
на 200 месцаў, водна-аздараўленчы цэнтр у Докшыцах. У абласным цэнтры намечаны добраўпарадкаванне тэрыторыі Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, завяршэнне рэканструкцыі тэрапеўтычнага корпуса дзіцячай бальніцы па вуліцы Шрадара, лячэбнага корпуса №1 інфекцыйнай бальніцы, корпуса №2 анкалагічнага дыспансера.


Надзея ФОНДАРЭНКА. «Віцебскі рабочы»