Будаўнікі Віцебскай вобласці гатовыя завяршыць работы на праблемных аб'ектах да канца гэтага года
Будаўнікі Віцебскай вобласці гатовы завяршыць работы на аб'ектах з зацягнутымі тэрмінамі будаўніцтва да канца гэтага года. Пра гэта паведаміў журналістам падчас наведвання будаўнічых пляцовак жылых дамоў з высокай ступенню гатоўнасці ў Віцебску намеснік генеральнага дырэктара РУП "Гаглаўбудэкспертыза", член рабочай групы па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне пры Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Салнцаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнікі рабочай групы пабывалі на шасці аб'ектах жыллёвага будаўніцтва абласнога цэнтра, якія падрадчыкі абяцаюць увесці ў строй у жніўні-лістападзе гэтага года. "Гэтыя аб'екты ўзводзяцца рознымі падрадчыкамі, у іх свае падыходы да арганізацыі работ, але паўсюды бачны добры зачын, ужо праведзена велізарная работа па ліквідацыі праблем, у падрадчыкаў ёсць вялікае жаданне і ўсе магчымасці завяршыць работы ў найбліжэйшы час", - падкрэсліў Аляксандр Салнцаў. Але разам з тым адзначыў, што любы збой з фінансаваннем або недахопы ў рабоце падрадных арганізацый выклічуць зрыў тэрмінаў уводу жылых дамоў.
Спецыяліст адзначыў, што ў Віцебскай вобласці ёсць шмат станоўчых момантаў. "На аб'екце, які плануецца да здачы ў гэтым месяцы, ужо выкананы велізарны аб'ём работ па добраўпарадкаванні. У іншых рэгіёнах тэмпы гэтых работ значна адстаюць ад будаўніцтва. Высокай ацэнкі заслугоўвае і ўвага да такіх пытанняў, як даступнасць ліфтоў, зручнасць пандусаў. Адзін з віцебскіх даўгабудаў узводзіцца па так званай тэхналогіі "няздымнай апалубкі". Такі від будаўніцтва не мае распаўсюджвання ў рэспубліцы. Падрадчык не пабаяўся ўзяцца за эксперыментальнае будаўніцтва, у гэтым працэсе набіў шмат шышак. Але, тым не менш, збіраецца працягнуць работу па гэтай тэхналогіі, удасканаліўшы і адаптаваўшы яе да нашых умоў. Такі вопыт можа быць карысны і іншым рэгіёнам краіны, таму што ў выніку атрымліваецца жыллё павышанай камфортнасці, з высокімі спажывецкімі якасцямі", - канстатаваў Аляксандр Салнцаў.