Будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ у новых мікрараёнах гарадоў Віцебшчыны працягнецца ў 2015 годзе
За кошт бюджэтнага фінансавання ў бягучым годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 200 месцаў у віцебскім мікрараёне Медцэнтр, да канца года плануецца завяршыць будаўніцтва спальнага корпуса з харчаблокам Лужаснянскага кадэцкага вучылішча, першай чаргі яслі-сада–пачатковай школы ў Наваполацку. Так як ёсць вострая патрэба ва ўстановах адукацыі ў новых мікрараёнах, то на наступны год запланаваны шэраг такіх аб'ектаў. У прыватнасці, як паведаміў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок, гэта дзіцячыя сады ў мікрараёне Білева-2 Віцебска, Задняпроўе-5 Оршы, у Глыбокім, а таксама дзве сярэднія школы ў раёне Білева. Варта адзначыць, што ў 2014-м годзе з'явіліся навасёлы ў жылым доме для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, у Расонах. Да канца года завершыцца будаўніцтва такога дома ў Шаркаўшчыне. У 2015-м з'явіцца два падобныя аб'екты – у Гарадку і Паставах.
Іван Антонавіч адзначыў, што на сённяшні дзень актуальнае таксама пытанне рамонту ўстаноў адукацыі, у тым ліку даху і інжынерных сетак, асабліва ў Дубровенскім, Докшыцкім, Талачынскім, Сенненскім, Ушацкім раёнах. Усяго маюць патрэбу ў рамонце 198 школ і дзіцячых садкоў. Неабходна таксама абнавіць абсталяванне, набыць школьныя аўтобусы. Дарэчы, у гэтым годзе за кошт бюджэту аўтапарк папоўніўся на 17 аўтобусаў, дадаткова Банк развіцця Рэспублікі Беларусь прадаставіў спонсарскую дапамогу ў выглядзе 11 транспартных адзінак для падвозу дзяцей. Акрамя бюджэтных сродкаў на развіццё сістэмы адукацыі выкарыстоўваюцца сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці. Такія даходы па выніках года склалі 73,7 млрд руб (без ВНУ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў). Ад шествуючых прадпрыемстваў, апекунскіх саветаў, спонсараў паступіла 25,5 млрд рублёў, што амаль у два разы больш, чым у мінулым годзе.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"