Будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Юнацтва» ва Ушачах плануюць завяршыць у 2017 годзе

Жыхары Ушаччыны з нецярпеннем чакаюць здачы будаванага ў райцэнтры фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Юнацтва» – з яго увядзеннем значна пашырацца магчымасці для актыўнага і карыснага адпачынку.


 25-метровы басейн з чатырма дарожкамі, гульнявая зала-трансформер, залы для барацьбы, фітнесу, трэнажорная, гасцініца на 27 і кафэ на 30 месцаў – усё гэта дазволіць праводзіць маштабныя спаборніцтвы, прыцягне спартсменаў і турыстаў з іншых рэгіёнаў, а, магчыма, і з-за мяжы.

Тут з'явіцца нават свайго роду дзіцячы сад, дзе можна будзе пакінуць малых пад наглядам выхавальнікаў, пакуль тата з мамай і старэйшыя дзеці гуляюць у футбол, займаюцца ў секцыях або плаваюць у басейне. У праект уваходзіць і будаўніцтва новага водазабору, які забяспечыць і «Юнацтва», і Ушачы чыстай вадой. Будуць створаны каля 50 новых працоўных месцаў.

  Будаўніцтва значнага сацыяльнага аб'екта коштам у 140 млрд рублёў (да дэнамінацыі) уключана ў інвестыцыйную праграму Віцебшчыны і фінансуецца з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэту.

  – Сёння гатоўнасць аб'екта складае прыкладна 70 %, – распавёў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва раёна Аляксандр Лосеў. – Гатовыя ўсе падземныя інжынерныя сеткі, узведзена будынак, змантаваны мадульная газавая кацельня, трансфарматарная падстанцыя падключана да гарпасёлкавай сістэмы электразабеспячэння, завяршаецца добраўпарадкаванне.

Штодня тут працуюць ад 80 да 100 будаўнікоў генпадрадчыка – трэста «Полацксельбуд», субпадрадных і спецыялізаваных арганізацый Ушацкага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага, Полацкага і іншых раёнаў, Віцебска і Мінска. Для пашырэння паслуг, якія будзе аказваць ФАК, зараз ідзе карэкціроўка праектна-каштарыснай дакументацыі. З'явяцца, да прыкладу, спецыяльныя гульнявыя пакоі для малых.

  Заканчэнне будаўніцтва намечана на наступны год. Ушачане спадзяюцца, што іх ФАК будзе ўключаны ў рэспубліканскую інвестыцыйную праграму 2017 года. З часам, мяркуецца, вакол яго

будуць узведзены адкрытыя гульнявыя спартыўныя пляцоўкі, тэнісны корт і г.д.

  – Практыка паказала, што падобныя комплексы, асабліва з басейнам, вельмі запатрабаваныя і папулярныя. Як правіла, яны цалкам загружаны, – падкрэсліў Аляксандр Сяргеевіч. – У нашым раёне спорт папулярны, у нас цудоўная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, якая выгадавала нямала чэмпіёнаў. Так што будзем чакаць новых рэкордаў і дасягненняў.

Алена Целятка, фота аўтара. «Віцебскія весці».