Будаўніцтва гаражоў і аўтастаянак у Беларусі стане таннейшым
24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўніцтва гаражоў і аўтастаянак у Беларусі стане таннейшым. Адпаведны ўказ №427 "Аб змяншэнні кошту будаўніцтва гаражоў і аўтамабільных стаянак" Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 21 жніўня 2009 года. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Указам прадугледжваецца вызваленне ад абкладання падаткам на дабаўленую вартасць абаротаў па рэалізацыі зноў пабудаваных на тэрыторыі Беларусі гаражоў і аўтастаянак (доляў у праве ўласнасці на аўтастаянку) забудоўшчыкам, гаражным кааператывам, а таксама кааператывам, які ажыццяўляе эксплуатацыю аўтастаянак. Акрамя таго, прадугледжваецца вызваленне ад ПДВ абаротаў па будаўніцтве названых аб'ектаў і адлічэнняў у інавацыйны фонд па іх.
Гэтыя меры дазволяць зменшыць кошт будаўніцтва і рамонту гаражоў і аўтастаянак на 18%.
Прадастаўленне юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам зямельных участкаў пад гаражы і стаянкі будзе ажыццяўляцца без правядзення аўкцыёну на права заключэння дагавораў арэнды. Органы мясцовага кіравання будуць самастойна ва ўстаноўленым парадку прымаць рашэнні аб іх выдзяленні па заяўным прынцыпе.
Указ уступае ў сілу з першага чысла месяца, наступнага за месяцам яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем некаторых пунктаў.-0-