Будаўніцтва мемарыяла «Урочышча «Пяскі» ў Полацку набывае рэспубліканскі маштаб
Пра гэта паведаміў старшыня праўлення ГА «Беларускі фонд міру» Максім Місько падчас падвядзення вынікаў дзейнасці Віцебскага абласнога аддзялення за мінулы год.
Праект стартаваў у 2010 годзе па ініцыятыве Полацкай гарадской арганізацыі і падтрыманы мясцовымі ўладамі. Аднак спонсарскай дапамогі і добраахвотных ахвяраванняў, сабраных на Віцебшчыне, выдзеленых бюджэтных сродкаў аказалася недастаткова. Таму да мясцовай ініцыятывы далучылася грамадскае аб'яднанне «Беларускі фонд міру», якое звярнулася да іншых абласцей з просьбай падтрымаць паўночны рэгіён. Такім чынам, полацкі праект набыў рэспубліканскі маштаб. Па словах Максіма Уладзіміравіча, у скарбонку Фонду міру на будаўніцтва мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму «Урочышча «Пяскі» пачалі актыўна паступаць ахвяраванні з усіх куткоў краіны, толькі за студзень рахунак значна папоўніўся. Кошт усяго праекта па праектна-каштарыснай дакументацыі складае парадку 9 млрд рублёў.
«Спадзяюся, што да канца 2016-га ўдасца завяршыць будаўніцтва. Беларусы заўсёды дапамагаюць адзін аднаму, асабліва калі ўзнікаюць складаныя сітуацыі, умеюць мабілізавацца і праявіць лепшыя якасці. Думаю, узвядзенне мемарыяла стане таму пацвярджэннем», – кажа Максім Місько.
Нагадаем, што праект «Пабудуем мемарыял разам» па ўзвядзенні комплексу «Урочышча «Пяскі» на Полаччыне на дадзены момант з'яўляецца адным з самых маштабных для Віцебскага
абласнога аддзялення БФМ. Ажыццяўляецца ён у межах найважнейшай праграмы арганізацыі – «Памяць».
Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці».