Будаўніцтва металургічнага завода ў Міёрскім раёне ўваходзіць у актыўную фазу
Будаўніцтва металургічнага завода ў Міёрскім раёне ўваходзіць у актыўную фазу, у верасні будзе выбраны генеральны падрадчык работ, паведаміў тэхнічны дырэктар ТАА "ММПЗ-групп", якое займаецца рэалізацыяй праекта, Уладзімір Цішчанка.
Дадзены інвестыцыйны праект з'яўляецца адным з найбуйнейшых, якія рэалізуюцца ў Віцебскай вобласці на сённяшні дзень. "Працяглы і шматпланавы падрыхтоўчы этап ужо пазаду. Пад завод выдзелена крыху больш за 40 га зямлі прыкладна ў 2,5 км ад міёрскай чыгуначнай станцыі. На дадзены момант завяршаецца пракладка пад'язной дарогі, земляныя работы па вертыкальнай планіроўцы, забіваюцца палі для праверкі грунту. Першапачатковыя будаўнічыя работы выконваліся мясцовымі арганізацыямі і прадпрыемствамі, зараз на аб'екце занята каля 45 адзінак рознай тэхнікі і машын. А ў наступным месяцы мы выбярэм генпадрадчыка будаўніцтва. Гэта маштабны інавацыйны і імпартазамяшчальны праект, які рэалізуецца паэтапна, паралельна з праектаваннем", - растлумачыў Уладзімір Цішчанка.
Ён дадаў, што адначасова вядзецца ўзвядзенне жылля для будучых работнікаў завода, спецыялістаў. Гатоўнасць першага васьмікватэрнага дома складае 70%, закладзены фундаменты яшчэ двух. Усяго на першапачатковым этапе плануецца пабудаваць 6 жылых дамоў.
Спецыялізацыя новага металургічнага завода накіравана на выпуск лістоў белай жасці, якая шырока ўжываецца ў многіх прамысловых галінах: вытворчасць упакоўкі для кансервавай прамысловасці, аэразоляў, лакафарбавых вырабаў і г.п. Пакуль дадзеная сыравіна цалкам закупляецца за мяжой. Гэты інавацыйны праект дасць магчымасць не толькі сысці ад імпарту белай жасці, але і дазволіць экспартаваць яе на іншыя рынкі (гадавая патрэба краіны ў металапрадукцыі складае 30 тыс. т, а запланаваная прадукцыйнасць завода - 150 тыс. т, і праз год пасля запуску кампанія разлічвае павялічыць магутнасць да 240 тыс. т). Якасць выпускаемай прадукцыі будзе адпавядаць патрабаваным еўрапейскім стандартам.
Завяршэнне будаўніцтва прызначана на 2016 год, яшчэ два гады адводзіцца на пусканаладачныя работы і выхад на праектную магутнасць. На заводзе будзе створана 500 працоўных месцаў. Агульны кошт інвестыцыйнага праекта перавышае 200 млн еўра. Генпадрадчыкам праектавання з'яўляецца літоўская інжынірынгавая кампанія MANfuLA, пастаўшчык абсталявання - адзін з вядучых вытворцаў металургічнага і трубапракатнага абсталявання ў свеце кампанія SMS Group (Германія).
Кацярына Князева, БелТА.