Будаўніцтва міжраённага медцэнтра ў Міёрах плануецца пачаць сёлета
"Падрыхтоўка бізнес-плана знаходзіцца ўжо ў канчатковай стадыі. Будаўніцтва плануецца пачаць сёлета пасля ўсіх неабходных экспертыз", - адзначыў Юрый Дзеркач.
Пад праект, які рэалізуецца на аснове дзяржаўна-прыватнага партнёрства, у Віцебскай вобласці адведзена тэрыторыя побач з новай цэнтральнай раённай бальніцай. Медыцынская ўстанова будзе ўключаць стацыянарнае, неўралагічнае, кардыялагічнае, прыёмнае, дыягнастычнае, радыялагічнае, лабараторнае аддзяленні, а таксама аддзяленні неадкладнай дапамогі, сасудзістай хірургіі, рэнтген-кабінет, аперацыйны блок, верталётную пляцоўку, інжынерныя і іншыя службы. Акрамя таго, у комплекс увойдуць дыягнастычныя блокі ў Пастаўскім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Браслаўскім і Глыбоцкім раёнах, на базе якіх будзе праводзіцца абследаванне мясцовых жыхароў з наступным накіраваннем на лячэнне ў медцэнтр.
Цэнтр плануецца стварыць без прыцягнення дзяржаўных рэсурсаў, толькі за кошт інвестыцый нямецкіх партнёраў. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што ўся дзейнасць медустановы будзе заснавана на нямецкіх тэхналогіях і пройдзе неабходную еўрапейскую сертыфікацыю. Гэта дазволіць актыўна развіваць экспарт медыцынскіх паслуг. Пры гэтым беларусы змогуць атрымліваць тут высокатэхналагічныя медуслугі па кошце, разлічаным па мясцовых стандартах, а замежныя грамадзяне - аплачваць па страхоўцы сваёй краіны.
Кошт праекта складае каля 50 млн еўра. Тэрмін рэалізацыі па бізнес-плане - тры гады.
БЕЛТА.