Будаўніцтва новага заалагічнага парку ў Віцебску завершыцца ў наступным годзе
30 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Будаўніцтва новага заалагічнага парку ў Віцебску абыдзецца ў Br126 млрд. Пра гэта сёння на рабочай нарадзе ў аблвыканкаме па развіцці Віцебска паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пад тэрыторыю новага заапарка адведзена лесапаркавая зона плошчай 87 га. Тут прадугледжана будаўніцтва адкрытых вальераў і цёплых павільёнаў для ўтрымання жывёл, птушак, паўзуноў, а таксама невялікі акіянарыум. У заапарку прадугледжаны аўтаномныя сістэмы водазабеспячэння і ацяплення. Акрамя таго, тут размесцяцца гандлёвыя аб'екты. Работы па ўзвядзенні некаторых памяшканняў ужо пачаліся. Пабудавана арка ўваходнай групы, на завяршальным этапе знаходзіцца будаўніцтва ветэрынарнай лячэбніцы. У цэлым асвоена Br8 млрд., далажыў Віктар Нікалайкін.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец запатрабаваў паскорыць тэмп будаўніцтва і здаць заапарк у эксплуатацыю да ліпеня 2013 года. Да фінансавання работ, на думку губернатара, варта актыўней прыцягваць спонсараў. "Заапарк будуецца, перш за ўсё, для дзяцей, а для іх грошай шкадаваць не трэба", - дадаў ён.
Віцебскі заалагічны парк быў заснаваны 30 сакавіка 1992 года на базе існаваўшага ў горадзе тэатра звяроў. У цяперашні час тут на плошчы 1,3 га ўтрымліваецца звыш 70 відаў жывёл - больш за 1 тыс. асобін. Значная частка звяроў была альбо падораная заапарку, альбо набыта на спонсарскія сродкі і ахвяраванні гараджан. У 2010 годзе гарадскія ўлады прыступілі да рэалізацыі праекта па будаўніцтве новых вальераў і будынкаў для заапарка ў лесапаркавай зоне.