Будаўніцтва новых абуткова-шкіраных вытворчасцей плануецца пачаць сёлета ў Віцебскай вобласці

У Віцебскай вобласці сёлета плануецца пачаць будаўніцтва новых абуткова-гарбарных вытворчасцей. Пра гэта паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.

"Сёлета мы плануем пачаць будаўніцтва новых заводаў, якія зробяць рэгіён бясспрэчным лідарам у краіне ў галіне абутковай прамысловасці", - сказаў Аляксандр Косінец, падкрэсліўшы, што аб'ём вытворчасці абутку да 2018 года ў рэгіёне плануецца давесці да 12 млн. пар.

Па словах старшыні аблвыканкама, для дасягнення гэтай мэты намечаны шэраг мерапрыемстваў. Запланавана будаўніцтва завода па перапрацоўцы гарбарна-футравай сыравіны і мадэрнізацыя Віцебскага футравага камбіната холдынгам "Марка". Вырашаецца пытанне аб перадачы завода "ПАК" у Оршы холдынгу "Белвест" з далейшай яго мадэрнізацыяй пад абутAEвую фабрыку. Холдынг "Белвест" будзе развіваць вытворчасці ў малых гарадах вобласці.

Адна з іх ствараецца ў Бешанковічах. У гэтым райцэнтры восенню ўступіць у строй першая чарга прадпрыемства па раскроі і зборцы нарыхтовак верха абутку вытворчай магутнасцю 1 тыс. пар у суткі.

Для забеспячэння ўласнай сыравінай гэтых вытворчасцей у раёнах рэгіёна будуць будавацца 21 авечкаферма, 15 рыбных гаспадарак і 15 звераферм.

"Мадэрнізацыя прадпрыемстваў і развіццё новых вытворчасцей з'яўляецца прыярытэтным напрамкам у Віцебскай вобласці. З гэтай мэтай рэалізуецца Рэгіянальная праграма інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады, якая ўключае 19 падпраграм", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. У межах яе выканання крыху больш чым за чатыры гады ў вобласці мадэрнізавана больш за 12 аб'ектаў перапрацоўчай прамысловасці, якія ствараюць канкурэнтаздольную з высокай дабаўленай вартасцю прадукцыю. У іх ліку прадпрыемствы мяса-малочнай галіны.

Касаючыся апошняй, старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новыя сыразаводы ў Паставах і Браславе, прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы ў Браславе. Яшчэ адзін аб'ект, намечаны да адкрыцця на 2013 год, - новы цэх дзіцячага харчавання на Аршанскім мясакансервавым камбінаце.

Акрамя таго, самай пільнай увазе будзе нададзена развіццю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. "Для канкурэнцыі з кітайскімі вытворцамі нам трэба значна зніжаць сабекошт прадукцыі", - адзначыў Аляксандр Косінец.

Працягне развівацца энергетычны комплекс вобласці. "З гэтай мэтай на Заходняй Дзвіне прадугледжваецца стварэнне каскаду з чатырох гідраэлектрастанцый: Полацкай, Віцебскай, Бешанковіцкай і Верхнядзвінскай. Таксама павышаецца выкарыстанне мясцовых відаў паліва. Іх удзельная вага ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы Віцебскай вобласці складае больш за 52%, а да канца 2015 года яго плануецца давесці да 70%", - сказаў губернатар.

"Наша галоўная задача - дамагчыся якаснага жыцця людзей, каб ужо ў гэтым годзе сярэдняя заработная плата па снежні была $700-800. Мы можам на яе выйсці, але для гэтага трэба вельмі шмат і якасна працаваць", - заключыў Аляксандр Косінец.

БЕЛТА