Будаўніцтва завода па выпуску спецаўтамабіляў пачнецца ў СЭЗ "Віцебск" у 2011 годзе

6 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларуска-расійскае СТАА "Грандзіскар" плануе пачаць сёлета будаўніцтва завода па вытворчасці спецаўтатранспарту на тэрыторыі СЭЗ "Віцебск". Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар прадпрыемства Юрый Любімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Інвестыцыйны праект СТАА "Грандзіскар", якое з'яўляецца рэзідэнтам віцебскай СЭЗ, прадугледжвае стварэнне вытворчасці аўтатранспарту спецыяльнага прызначэння гадавой магутнасцю да 5 тыс. машын на адной з пляцовак СЭЗ у абласным цэнтры. На гэтыя мэты беларуска-расійскі тандэм заснавальнікаў плануе інвеставаць на працягу пяці гадоў каля $15 млн. На першым этапе інвестары арганізавалі вытворчасць спецтэхнікі на арандаваных плошчах. Паралельна пачнецца будаўніцтва ўласнага завода агульнай плошчай каля 5 тыс. кв.м. У аснове вытворчага працэсу выкарыстоўваецца тэхналогія буйнавузлавой зборкі. Усяго расійскі заснавальнік распрацаваў больш за 70 мадыфікацый аўто і гатовы перадаць гэтыя распрацоўкі для арганізацыі іх вытворчасці на сваім беларускім прадпрыемстве. Пакуль жа ў вытворчым партфелі "Грандзіскара" выпуск аўтамабіляў хуткай меддапамогі, спецаўтатэхнікі для сілавых структур, мікрааўтобусаў і шэраг іншых камплектацый на базе шасі "Фальксваген", "Форд", а ў перспектыве "Івека" і беларускіх аўтамабільных брэндаў. У 2011 годзе "Грандзіскар" выпусціць каля 300 аўтамабіляў у асноўным для беларускіх заказчыкаў. Акрамя Беларусі, прадпрыемства мае намер выйсці на расійскі рынак і іншых краін СНД. Па словах Юрыя Любімава, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні перасоўнага шпіталя і спецыялізаванага медыцынскага салона-кабінета на базе шасі МАЗ. Гаворка ідзе аб распрацоўцы камплектацыі салонаў аўтобусаў для аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі на месцы буйных аварый і іншых здарэнняў. У Віцебску прадпрыемства прэзентавала першыя машыны хуткай медыцынскай дапамогі і аўтамабіль спецыялізаванай лабараторыі, выкананы па замове Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі. СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 38 інвестыцыйных праектаў. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці.-0-