Дзіцячы сад, які будуецца, стаў конкурснай пляцоўкай для найлепшых муляроў Віцебска

18 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзіцячы сад у новым жылым мікрараёне Віцебска стаў конкурснай пляцоўкай для лепшых муляроў горада. На гэтым аб'екце стартаваў першы гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі гарадскі выканкам і ААТ "Стройтрэст №9". Галоўная мэта конкурсу - павышэнне прэстыжу прафесіі будаўнік, прапаганда перадавых форм і метадаў працы. Невыпадкова месцам правядзення конкурсу выбраны дзіцячы сад, які будуецца, на 230 месцаў у новым жылым мікрараёне Білева. "Гэты аб'ект з нецярпеннем чакаюць маладыя сем'і, якія ў асноўным засяляюць мікрараён. А паколькі ўзводзіць яго будуць суперпрафесіяналы, то сумнявацца ў якасці новабудоўлі не давядзецца", - упэўнены ў гарвыканкаме. У конкурсе прымаюць удзел 24 лепшыя муляры з дзевяці будпрадпрыемстваў горада. Самаму маладому ўдзельніку сёлета споўніцца 19 гадоў. На працягу 11 дзён яны будуць узводзіць цагляныя сцены дзіцячага сада. Дзённая норма складае 2,98 куб.м сцяны, але, як лічаць арганізатары, майстры кельмы лёгка справяцца з гэтым заданнем і нават перавыканаюць яго. Выкананне нормы конкурсантамі з'яўляецца адным з крытэрыяў ацэнкі, таксама як і яе перавыкананне, аднак не меншая колькасць балаў будзе налічвацца за якасць работ і выкананне правіл тэхнікі бяспекі. Па выніках спаборніцтва будуць названы пераможцы. За першае месца звяно атрымае прэмію ў памеры Br1 млн. Крыху меншыя прэміяльныя чакаюць уладальнікаў другога і трэцяга месца. Будуць падведзены вынікі і ў асабістым заліку, па выніках якога таксама будуць прысуджацца грашовыя прэміі. Акрамя таго, для ўдзельнікаў і пераможцаў падрыхтаваны каштоўныя прызы ад гарвыканкама.-0-