Струнны кварэт імя І.Стравінскага адкрые XXII Міжнародны музычны фестываль у Віцебску
2 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выступленне струннага квартэта імя І.Стравінскага і аднаго з вядучых піяністаў Расіі Ігара Урьяша адкрые сёння праграму XXII Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласной філармоніі.
Музыканты прадставяць на фестывалі праграму, у якую ўвайшлі творы Дзмітрыя Шастаковіча, Сяргея Рахманінава і Роберта Шумана.
Сёлета афіша традыцыйнага форуму класічнай музыкі ўключае дзесяць канцэртных праграм разнастайнай жанравай палітры ад сімфанічнай музыкі да балета. У фестывалі возьмуць удзел музыканты з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Францыі, Ізраіля, Фінляндыі, Нарвегіі і Венесуэлы. Акрамя таго, падчас форуму пройдуць XII Навуковыя чытанні фестывалю імя І.Салерцінскага і XX Міжнародныя Шагалаўскія чытанні.
Арганізатары фестывалю падрыхтавалі для прыхільнікаў музычнай класікі шмат сюрпрызаў. Так, упершыню на фестывалі будзе прадстаўлена мастацтва балета, якое на сцэне абласной філармоніі аб'яднаецца з класічнай фартэпіяннай музыкай. Упершыню ўдзельнікамі віцебскага фестывалю стануць музыканты з Венесуэлы, Фінляндыі і Нарвегіі. Сёлета арганізатары вырашылі закласці традыцыю запрашэння на фестываль таленавітых студэнтаў музычных навучальных устаноў Віцебска. На адзін з фестывальных вечароў запланаваны канцэрт аркстра рускіх народных інструментаў і аркстра баянаў музычных каледжаў Віцебскай вобласці. У цэлым, канцэртныя мерапрыемствы фестывалю можна ўмоўна падзяліць па своеасаблівых рубрыках - "старонка Дзмітрыя Шастаковіча", "руская выканальніцкая школа за мяжой", "новыя імёны фестывалю", "юбілей Фрэдэрыка Шапэна".
Завяршальным акордам фестывалю стане канцэрт арганной музыкі лаўрэата міжнародных конкурсаў Эдуарда Аганесяна (Францыя), які пройдзе 22 снежня.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Віцебскі аблвыканкам, гарвыканкам і дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія".
Струнны квартэт заснаваны ў 1992 годзе як Новы філарманічны квартэт, а з 1999 года калектыў носіць імя вялікага рускага кампазітара Ігара Стравінскага. Квартэт пастаянна выступае ў лепшых канцэртных залах Санкт-Пецярбурга, з вялікім поспехам гастраляваў у многіх краінах свету, у тым ліку стаў першым рускім музычным калектывам, удастоеным гонару выступіць ля вечнага агню мемарыяла ахвярам ядзернай бамбардзіроўкі ў Хірасіме (Японія). Калектыў пастаянна ўдзельнічае ў дабрачынных і культурных акцыях. У складзе квартэта - заслужаны артыст Расіі Аляксандр Шусцін (першая скрыпка), Віктар Лясняк (другая скрыпка), заслужаны артыст Расіі Данііл Мееравіч (альт), лаўрэат міжнародных конкурсаў Сямён Каварскі (віяланчэль). -0-