Сцэнічныя чытанні "Школьны тэатр-13" вызначылі найлепшых юных артыстаў Віцебска
14 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшыя юныя артысты Віцебска названы сёння на сцэнічных чытаннях "Школьны тэатр-13", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дзе яны праводзіліся.
Пасля конкурснага адбору да ўдзелу ў фестывалі былі дапушчаны 11 маладых тэатральных калектываў. З іх 10 прадстаўлялі навучальныя ўстановы абласнога цэнтра і адзін быў запрошаны з Наваполацка. На працягу двух дзён юныя артысты дэманстравалі свае лепшыя пастаноўкі па розных творах беларускіх аўтараў.
Па выніках прагляду лепшым стаў тэатральны калектыў сярэдняй школы №28 Віцебска, які прадставіў інсцэніроўку апавядання "Кароткая песня" Васіля Быкава. Лепшымі выканаўцамі мужчынскай ролі прызнаны Міхаіл Дзяюн (СШ №29) за ўвасабленне вобраза Міхасёва ў спектаклі "Не пакiдай мяне" Аляксея Дударава і Арцём Герак (СШ №4) за ролю Чалавека ў спектаклі "Шчасця табе, чалавек" Уладзіміра Караткевіча. Сярод дзяўчат не было роўных Анастасіі Клочковай (гімназія №8) - роля сабачкі Булькі ў "Гісторыі двух сабачак" Ягора Конева і Вользе Прыволкай (СШ №28) - роля Зіны ў "Кароткай песні" Васіля Быкава. Адзначаны і рабяты за лепшае выкананне эпізадычных роляў.
"Школьны тэатр" праводзіцца ў Віцебску з 1997 года. Яго мэта - пошук маладых талентаў. Дзякуючы фестывалю за гэты час было адкрыта звыш 20 імёнаў таленавітых выканаўцаў, якія цяпер з поспехам працуюць як у трупе віцебскага тэатра, так і ў іншых знакамітых калектывах.-0-