Сцэнографамі канцэртаў фестывалю «Славянскі базар» будуць кіраваць інтэлектуальныя лябёдкі
28 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Святлодыёдныя сеткі, падлога-тэлевізар і трансфармуючыяся паўкружжы пад кіраваннем інтэлектуальных лябёдак упершыню выступяць у Летнім амфітэатры і стануць галоўнымі героямі сцэнаграфіі канцэртаў XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра цуды высокатэхналагічнай фестывальнай сцэны сёння на прэс-канферэнцыі расказаў дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" - дырэктар дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У адрозненне ад папярэдніх гадоў у гэтым годзе сцэна будзе дынамічнай. Яшчэ адным адрозненнем стане адсутнасць дэкарацый у традыцыйным разуменні. Дэкарацыямі паслужаць святлодыёдныя панэлі, сеткі і трубкі, якія будуць праецыраваць каляровыя абстрактныя выявы. У цэнтры над сцэнай падчас выступленняў будуць трансфармавацца тры паўкружжы, на празрыстай падлозе таксама будзе мяняцца выява. Усім гэтым рухомым абсталяваннем будуць кіраваць інтэлектуальныя лябёдкі - дзіця сучасных тэхналогій. Нешта падобнае маглі назіраць гледачы леташняга конкурсу "Еўрабачанне" ў Маскве.
Такая разумная сцэнаграфія абышлася ўдвая даражэй. Як прызнаўся Радзівон Бас, ёсць рызыка ў яе выкарыстанні, але дзеянне таго варта. Тым больш што сучаснае тэлебачанне дыктуе высокія патрабаванні да выявы, якая перадаецца.
Мантаж сцэны пачнецца 26 чэрвеня.-0-