Сцэнай «Славянскага базару ў Віцебску-2020» стануць плошчы і вуліцы горада
Галоўная, вядома, – Летні амфітэатр, у ім могуць размясціцца больш за шэсць тысяч гледачоў. Тут запланавана сем канцэртаў, у якіх возьмуць удзел вядомыя беларускія, расійскія і замежныя артысты, а таксама адбудзецца міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні. А вось дзіцячыя песенныя спаборніцтвы пройдуць на новай пляцоўцы каля канцэртнай залы «Віцебск». Сёлета яе будуць асвойваць юныя артысты з 16 краін.
Сцэна перад КЗ таксама прыме фінал танцавальнага праекта Dream Dance Fest, за званне лепшага збяруцца 12 калектываў з 11 гарадоў краіны. Тут жа маладыя беларускія артысты прадставяць дэбютную праграму Promofest Top Artist. На адкрытай пляцоўцы пройдуць і «Зорныя гадзіны» – прэс-канферэнцыі са знакамітымі артыстамі, за якімі змогуць назіраць гараджане.
Мабільны канцэртны комплекс каля канцэртнай залы – другі ў фестывальнай сталіцы, першы ўжо даўно прыжыўся на плошчы Перамогі і стаў папулярным месцам сустрэчы крэатыўнай моладзі. Абноўленая плошча Свабоды чакае аматараў народнай творчасці. Тут пройдуць адкрыты турнір нацыянальных танцаў, абласны конкурс народнай музыкі і прыпевак «А музыкi граюць, граюць…», выступленні творчых калектываў. Адна з самых старых плошчаў Віцебска таксама стане месцам прэзентацыі брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці.
Фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які палюбіўся жыхарам і гасцям форуму, падзеліць гістарычны цэнтр Віцебска з народнымі майстрамі. На вуліцах Пушкіна і Талстога адкрыецца Горад майстроў, пройдзе адкрыты конкурс традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу «Фарбы нябёсаў», выступяць музыканты, паэты, тэатральныя калектывы.
Мастакі прадставяць традыцыйную выстаўку-продаж «Віцебскі вернісаж» на вуліцах Суворава і Талстога.
Кірмаш «Задзвінскі кірмаш» размесціцца каля культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна» – ад моста Кірава па вуліцах Ільінскага і Чайкоўскага. На тэрыторыі комплексу пройдуць Дзень беларускага брэнда і форум «Фальклор і фалькларызм у сучасным беларускім мастацтве».
Сцэнічнымі пляцоўкамі стануць і ўнутраныя дворыкі ўстаноў культуры. Так, ля краязнаўчага музея адбудуцца абласны агляд-конкурс гульнявых праграм «Вясёлкавы карагод» і музычныя вечаровыя канцэрты. У дворыку абласной філармоніі выступяць сімфанічны аркестр, ансамбль песні і танца «Талака», актаэт балалаек «Віцебскія віртуозы», салісты філармоніі. «Лялечны квартал» таксама выйдзе на вуліцу – спектаклі пакажуць перад будынкам Беларускага тэатра «Лялька».
Бібліятэчная пляцоўка «Чытаючы горад» размесціцца ў скверы каля абласной бібліятэкі, інтэрактыўная «Салдацкі побыт» – з удзелам клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі – на тэрыторыі музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова.
«Музычныя сустрэчы ў старым парку» запросяць у парк Фрунзе аматараў мелодый і танцаў мінулых гадоў. А ў Мазурына пройдзе Дзень сямейнага адпачынку Color Fest.
Фестывальнай пляцоўкай стане нават неба над Віцебскам. Жыхары і госці горада могуць прыняць удзел ва ўсталяванні рэкорду «Славянскага базару – 2020» – зрабіць фота на фоне аблокаў, месяца, сонца, паветраных шароў або феерверка.