Сцэну Летняга амфітэатра ў Віцебску пачалі рыхтаваць да «Славянскага базару».
28 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Сцэну Летняга амфітэатра пачалі рыхтаваць да канцэртаў XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Летняга амфітэатра Анатоль Васенда.
Новае абсталяванне прыбудзе з дня на дзень, а дэмантаж старога, што выкарыстоўвалася летась, ужо пачаўся. Па словах Анатоля Васенды, якой бы складанай ні аказалася тэхналогія ўстаноўкі суперсучаснай сцэны, яна будзе гатовая 6 ліпеня - за суткі да першага канцэрта.
У адрозненне ад папярэдніх гадоў, сёлета сцэна будзе дынамічнай. Традыцыйныя дэкарацыі заменяць святлодыёдныя панэлі, сеткі і трубкі, якія будуць праецыраваць каляровыя выявы, у тым ліку і на празрысты пол. У цэнтры над сцэнай будуць трансфармавацца тры паўкругі. Падобныя плады сучасных тэхналогій гледачы маглі назіраць падчас маскоўскага конкурсу "Еўрабачанне". Такая "разумная сцэнаграфія" абышлася ўдвая даражэй, але гледач хоча бачыць незвычайнае відовішча, што і прымусіла арганізатараў фестывалю ісці на расходы.
XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня. Аднак першы канцэрт на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца ўвечары 7 ліпеня, а апошні - 16 ліпеня. У Летнім амфітэатры пройдзе 19 канцэртаў, а ўсяго фестываль падорыць 70 культурных праектаў. Каля 5 тыс. артыстаў пакажуць сваё мастацтва. За працай фестывалю будуць сачыць звыш 400 журналістаў.-0-