Студэнцкая служба занятасці пачынае працаваць у Віцебску

29 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Студэнтам Віцебска дапаможа працаўладкавацца ў вольны ад вучобы час гарадскі цэнтр занятасці, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарадскім цэнтры занятасці насельніцтва. У Віцебску знаходзяцца 4 ВНУ і 17 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у якіх навучаюцца больш за 15 тыс. студэнтаў і навучэнцаў. Нямала маладых людзей хацелі б у вольны ад вучобы час, і не толькі падчас канікул, папрацаваць на прадпрыемствах і ў арганізацыях. З прапановай аб стварэнні маладзёжнай службы занятасці падчас сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама звярнуліся студэнты адной з ВНУ абласнога цэнтра. Па даручэнні губернатара ў гарадскім цэнтры занятасці ствараецца сектар па садзейнічанні занятасці студэнцкай моладзі. Сваю працу спецыялісты пачалі з фарміравання банка даных аб вакансіях. Зацікаўленасць у работніках-студэнтах праявілі як невялікія прадпрыемствы, так і буйныя, у прыватнасці абутковае сумесным прадпрыемства "Белвест" і камунальнае прадпрыемства "Гардармост". "Белвест" гатовы ўзяць на трохгадзінную працу маладых людзей, пры гэтым можа прадаставіць ім зручны графік. "Гардармост" мае патрэбу ў дворніках і таксама можа працаўладкаваць юнакоў і дзяўчат, якія не баяцца працы. Як чакаецца, у поўную сілу сектар садзейнічання студэнцкай занятасці запрацуе адразу пасля зімовай сесіі. Па даных гарадскога цэнтра занятасці, у бягучым годзе другаснай занятасцю было ахоплена больш за 1 тыс. школьнікаў і навучэнцаў Віцебска. На гэтыя мэты з Фонду сацыяльнай абароны накіравана Br272 млн. -0-