Студэнцкія атрады Віцебшчыны атрымалі пуцёўкі з адрасамі «Працоўнага семестра – 2019»
Па традыцыі лепшыя байцы студатрадаўскага руху сабраліся ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М. Шмырова. Для камандзіра сэрвіснага студэнцкага атрада «Арляняты» Вікторыі Машковай паездка на працу ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня» будзе ўжо другой. Сёлета дзяўчына плануе добра папрацаваць і адпачыць, завесці новыя цікавыя знаёмствы і атрымаць шмат незабыўных уражанняў.
– Студатрадаўскі рух дае магчымасць кожнаму маладому чалавеку праявіць сябе і рэалізавацца ў любой сферы дзейнасці, – перакананы камандзір будаўнічага студэнцкага атрада «Эўрыка» Дзмітрый Шчарбянок. – Працуючы на карысць сваёй краіны, мы атрымліваем каштоўны вопыт і навыкі, якія спатрэбяцца ў будучыні.

З прывітальным словам да рабят звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі:
– На працягу многіх гадоў моладзь Віцебшчыны ўносіць свой каштоўны ўклад у будаўніцтва, рэканструкцыю, добраўпарадкаванне аб'ектаў не толькі ў вобласці, але і за яе межамі. Рабяты працуюць у Расійскай Федэрацыі і Малдове, не забываючы пры гэтым пра сваю родную зямлю. Нашы байцы годна нясуць сцяг першынства ў краіне, прымнажаючы славу папярэдніх пакаленняў. За апошнія дзесяць гадоў Віцебскі абласны студэнцкі штаб сем разоў станавіўся лепшым у рэспубліцы. Жадаю вам і сёлета ўтрымаць пазіцыі, удачы і поспехаў у працоўных справах.
Аб прысваенні атрадам Віцебшчыны імёнаў Герояў Савецкага Саюза і Герояў Вялікай Айчыннай вайны ў сваім выступленні распавёў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын.
– Гэты працоўны семестр праходзіць у рамках святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму на байцоў студэнцкіх атрадаў ускладаецца дадатковая адказнасць – добрасумленна працаваць і добра выконваць свае абавязкі ў памяць пра герояў вайны, якія вызвалялі Віцебшчыну, – адзначыў Віктар Валер’евіч.
Па словах камандзіра Віцебскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Вікторыі Кужалевай, у гэтым працоўным семестры студатрадаўцы будуць дапамагаць збіраць ураджай, даглядаць лясныя культуры, удзельнічаць у будаўніцтве сацыяльна значных аб’ектаў, працаваць выхавальнікамі ў дзіцячых лагерах, як на тэрыторыі нашай краіны, так і за яе межамі. У Рэспубліку Малдова і Расійскую Федэрацыю адправяцца больш за 130 байцоў.
У праграму ўрачыстага адкрыцця «Працоўнага семестра – 2019» таксама ўвайшлі спартыўна-конкурсная праграма ў Парку Мазурына і семінар па развіцці студатрадаўскага руху.