Студэнцкі форум у Віцебску будзе спрыяць умацаванню адносін Расіі і Беларусі
Міжнародны студэнцкі славянскі форум у Віцебску будзе садзейнічаць умацаванню адносін Расіі і Беларусі. Такое меркаванне выказала сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю форуму, намеснік губернатара Смаленскай вобласці Вольга Васільева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дадзены форум стане добрай стартавай пляцоўкай для рэалізацыі супольных праектаў моладзі Расіі і Беларусі, дэманстрацыі іх талентаў, навуковых і спартыўных дасягненняў. Ён будзе садзейнічаць развіццю і ўмацаванню адносін нашых краін", - сказала Вольга Васільева. Яна падкрэсліла, што краіны Саюзнай дзяржавы звязваюць даўнія цесныя адносіны ў эканамічнай, культурнай і іншых сферах, у тым ліку сферы адукацыі, а наладжванне больш цесных зносін маладога пакалення можа зрабіць гэты працэс больш інтэнсіўным і эфектыўным.
"Нам бы хацелася, каб сёння моладзь, ад якой залежыць далейшы лёс нашых краін, удзельнічаючы ў мерапрыемствах Міжнароднага студэнцкага славянскага форуму, не толькі дзялілася дасягнутымі вынікамі ў навуцы, адукацыі і спорце, але і больш цесна абменьвалася вопытам", - заключыла намеснік губернатара Смаленскай вобласці. Яна выказала надзею, што да форуму з часам далучацца новыя ўдзельнікі з рэгіёнаў Расіі, Украіны. "Наша агульная гісторыя дае нам унікальную магчымасць рухацца наперад разам", - дадала Вольга Васільева.
I Міжнародны студэнцкі славянскі форум праводзіцца з мэтай умацавання адзінства славянскіх народаў, захавання сістэмы славянскіх каштоўнасцей, узмацнення ўзаемадзеяння ў навуковай, адукацыйнай, культурнай і спартыўнай дзейнасці.
Сёння ў канцэртнай зале "Віцебск" праходзіць яго першае афіцыйнае мерапрыемства - вялікі канцэрт-прэзентацыя, у якім прымаюць удзел кіраўніцтва і творчая моладзь Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (ПДУ), Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВГТУ), Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Смаленскай медыцынскай акадэміі і Смаленскай акадэміі фізічнай культуры, спорту і турызму. Свае прывітанні ўдзельнікам форуму адрасаваў таксама Днепрапятроўскі нацыянальны ўніверсітэт імя А.Ганчара (Украіна), прадстаўнікі якога не змаглі прыехаць у Віцебск.
Далейшыя мерапрыемствы будуць праводзіцца да мая на спартыўных, творчых, навуковых пляцоўках Віцебска і Смаленска. Так, згодна з распрацаваным планам, у бліжэйшы час будзе аб'яўлены конкурс сярод ВНУ на распрацоўку лагатыпа форуму, у сакавіку 2013 года на базе смаленскіх ВНУ адбудзецца розыгрыш Міжнароднага міжвузаўскага кубка па інтэлектуальных гульнях, пройдуць міжвузаўскі конкурс праектаў "ВНУ здаровага ладу жыцця", спартыўныя спаборніцтвы па стрытболе, гіравым спорце, армрэслінгу. На працягу красавіка студэнцкую моладзь аб'яднаюць творчыя майстэрні і навукова-практычная канферэнцыя "Моладзь. Інтэлект. Ініцыятыва". З беларускага боку каардынатарам усіх праектаў выступае ВДУ імя П.М.Машэрава, з расійскага - Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт.
Заключныя мерапрыемствы I Міжнароднага студэнцкага славянскага форуму пройдуць у маі ў Віцебску.