Студэнта года Віцебскай вобласці выберуць ва Усесветны дзень моладзі

У Сусветны дзень моладзі (10 лістапада) у Віцебску адбудзецца абласны тур рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года - 2017", паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.

Конкурс, накіраваны на развіццё і падтрымку ініцыятыў, інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу моладзі, выяўленне лідараў, праходзіць штогод. Па выніках адборачных этапаў ва ўсіх ВНУ вобласці была адабрана шасцёрка лепшых, якая і згуртуецца ў займальных спаборніцтвах абласнога фіналу.

Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт прадставіць студэнтка 4 курса фармацэўтычнага факультэта Аляксандра Жаўрыд, ветэрынарную акадэмію - другакурсніца факультэта ветэрынарнай медыцыны Валерыя Раманава. Годнасць Полацкага дзяржуніверсітэта будзе адстойваць Марк Сяргееў з 3-га курса факультэта інфармацыйных тэхналогій, Віцебскага дзяржуніверсітэта ім. Машэрава - другакурснік педфака Кірыл Макараў. Студэнт 2 курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Руслан Новікаў прадставіць Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. І, нарэшце, прадстаўніцай Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта "МИТСО" абрана другакурсніца факультэта эканомікі і права Вераніка Босакава.

Ва ўсіх удзельнікаў сярэдні бал паспявальнасці не ніжэйшы за 8, самы высокі - у будучага педагога Кірыла Макарава - 9,4. І, вядома, усе хлопцы адрозніваюцца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, талентамі ў розных сферах. Што ім і трэба будзе прадэманстраваць. Акрамя таго, удзельнікаў і гасцей праекта чакае насычаная праграма мерапрыемстваў. У 11.00 у парку Савецкай арміі адбудзецца пяты чэмпіянат рэгіёна па пазаарэнным лазертагу сярод ВНУ на кубак абкама БРСМ. Упершыню ў ім возьмуць удзел каманды не толькі Віцебскай, але і Смаленскай вобласці. Падсілкавацца спартсмены і гледачы змогуць сапраўднай салдатскай кашай, прыгатаванай на палявой кухні. У 12.00 на базе ўніверсітэта імя П. Машэрава пройдзе адкрыты дыялог "Праблемы і перспектывы маладзёжнага супрацоўніцтва" з удзелам актывістаў з Віцебскай і Смаленскай абласцей, а таксама дэлегатаў Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы. Чакаецца,што будзе падпісаны план сумес ных расійска-беларускіх мерапрыемстваў на 2018 год.

Усе канкурсанты абласнога тура атрымаюць прызы ад партнёраў, а пераможца - турыстычную пуцёўку Талін-Рыга-Стакгольм і права прадставіць рэгіён у рэспубліканскім фінале, які запланаваны на 8 снежня.

Дарэчы, пераможцам рэспубліканскага конкурсу \"Студэнт года - 2016\" стаў прадстаўнік Віцебскай вобласці Дзмітрый Куксо, студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта, які сёлета ўвайшоў у склад журы. Арганізатарам мерапрыемства выступае Віцебскі абласны камітэт БРСМ пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і ВНУ рэгіёна.

БЕЛТА.