Студэнта года выбралі ў Віцебскай вобласці
За званне лепшага ў рэгіянальным фінале змагаліся шэсць прадстаўнікоў ВНУ Віцебшчыны: Аляксандра Жаўрыд (ВДМУ), Марк Сяргееў (ПДУ), Вераніка Босакава (МДПІ), Валерыя Раманава (ВДАВМ), Кірыл Макараў (УА «ВДУ імя П.М. Машэрава») і Руслан Новікаў (ВДТУ).
Маладыя людзі прадставілі на конкурсе, які праходзіў пад лозунгам «Беларусь – крыніца натхнення!», асабістыя партфоліа, відэаролікі пра студэнцтва, а таксама прадэманстравалі таленты і красамоўства ў творчым і інтэлектуальным турах.
Як адзначыў старшыня журы конкурсу, першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Віктар Глушын, усе прэтэндэнты годна падрыхтаваліся да выпрабавання. Так, студэнт факультэта эканомікі і бізнес-кіравання ВДТУ ў адведзеныя ўмовамі тры хвіліны для самапрэзентацыі здолеў паказаць усе свае моцныя бакі – спяваў, танцаваў, акрамя таго, яго выступленне атрымалася вельмі патрыятычным. Нацыянальны каларыт і сучасныя рытмы злучыла ў творчым нумары Аляксандра Жаўрыд. Дзяўчына – удзельніца танцавальнага калектыву Infinity – прадставіла дынамічную харэаграфічную пастаноўку на песню «Касіў Ясь канюшыну». Віктар Глушын таксама падкрэсліў, што студэнты крэатыўна падышлі і да падрыхтоўкі партфоліа – выкарыстоўвалі 3-D акуляры, галаграмы. А ў інтэлектуальным туры ўдзельнікі выказвалі сваё меркаванне адносна цытат вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
У выніку лепш за ўсіх з выпрабаваннямі справіўся Руслан Новікаў. Ён заняў першае месца і цяпер будзе прадстаўляць Віцебшчыну ў рэспубліканскім фінале конкурсу «Студэнт года», які адбудзецца ў Мінску ў снежні.
Але шансы выступіць у сталіцы ёсць і ў іншых прадстаўнікоў нашага рэгіёна. Рэспубліканскае журы па выніках абласных тураў можа адабраць яшчэ некалькі ўдзельнікаў. Цалкам верагодна, што за званне лепшага студэнта года змогуць пазмагацца Аляксандра Жаўрыд і Кірыл Макараў, якія падзялілі другое месца абласнога этапу, а таксама Марк Сяргееў з ПДУ, які замкнуў тройку прызёраў. Дарэчы, летась менавіта студэнт гэтага ВНУ Дзмітрый Куксо стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу.