Студэнткай года Віцебскай вобласці стала беларуская «Каралева Вясна-2014» Ганна Мядзялец
Студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, уладальніца тытула першай віцэ-міс міжнароднага конкурсу "Каралева Вясна - 2014" Ганна Мядзялец перамагла ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года - 2014", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у абласным камітэце ГА "БРСМ".
Вынікі анлайн-галасавання, арганізаванага на гарадскім партале, адрозніваюцца ад выбару журы. Больш за ўсё галасоў набрала прадстаўніца Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віялета Ермаловіч. У дзяўчыны адзін з самых цікавых праектаў у адпаведным конкурсе: разам з групай валанцёраў ВНУ яна аказвае пасільную дапамогу і падтрымку Віцебскаму цэнтру паліятыўнай дапамогі, хлопцы нават знайшлі спонсараў у Італіі дзякуючы супрацоўніцтву з Дабрачынным каталіцкім таварыствам "Карытас" Віцебскай епархіі.
Годна ўвагі і праект студэнткі 6-га курса інжынерна-будаўнічага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта Вікторыі Дубавец па будаўніцтве шматфункцыянальнага маладзёжнага цэнтра адпачынку. Дзяўчына намалявала некалькі эскізаў з указаннем магчымага месца будаўніцтва - на скрыжаванні вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і пр. П.Броўкі ў Віцебску. А пераможца Ганна Мядзялец разам з валанцёрамі са свайго ВНУ арганізуе для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны анлайн-гутаркі па Skype адзін з адным і са студэнцкай моладдзю.
Сёлета конкурс праектаў прайшоў у фармаце круглага стала яшчэ да фіналу ў канцэртнай зале "Віцебск". На сцэне ж удзельнікі здзіўлялі публіку сваімі спартыўнымі і творчымі талентамі, аратаўскім майстэрствам. Першы сакратар абкама БРСМ Юлія Бутар адзначыла якасныя ВНУ-этапы конкурсу (адбор ішоў з 30 студэнтаў па ўсёй вобласці), высокі ўзровень падрыхтоўкі нумароў, у якім праявілася камандная праца ўніверсітэтаў і лідарскія якасці прэтэндэнтаў на перамогу.
Адзіны ўдзельнік мужчынскага полу, прадстаўнік ветэрынарнай акадэміі Керым Курбанаў быў адзначаны дыпломам за арыгінальнасць у творчым конкурсе. Характэрна, што Керым - адзіны ў Беларусі студэнт з Туркменістана, які з'яўляецца членам БРСМ. Выконваючы песню пра Беларусь у нацыянальным беларускім касцюме, ён падкрэсліў імкненне моладзі дзвюх краін ствараць шматнацыянальную моладзевую прастору.
Фінал рэспубліканскага конкурсу запланаваны на 25 студзеня ў Мінску.
Кацярына Князева