Студэнты 14 ВНУ Беларусі, Расіі і Латвіі возьмуць удзел у "Арт-сесіі" у Віцебску

13 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. XIX Конкурс-выстава візуальных мастацтваў студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў "Арт-сесія" пройдзе ў Віцебску з 20 па 22 мая. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара па спецпраектах Цэнтра культуры "Віцебск" Марына Раманоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У конкурсе прымуць удзел студэнты 14 навучальных устаноў з Беларусі, Расіі і Латвіі. Таксама чакаецца ўдзел студэнтаў з Польшчы і Германіі. Сёлета колькасць намінацый конкурсу скарацілася. Удзельнікі, а гэта будуць толькі студэнты ў адрозненне ад мінулых гадоў, прадставяць работы ў шасці раздзелах: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн і ў спецыяльна зацверджанай намінацыі "Аповесць мінулых гадоў. Працяг", прысвечанай Полацку ў сувязі з аб'яўленнем яго культурнай сталіцай Беларусі. Ацэньваць творы будзе журы, сфарміраванае з незалежных экспертаў. У яго склад не будуць уключаны, як раней, выкладчыкі ВНУ, якія ўдзельнічаюць у конкурсе. Пасля завяршэння "Арт-сесіі" 50 лепшых работ на працягу месяца будуць экспанавацца ў Мастацкай галерэі Полацка. Гэтыя творы таксама ўвойдуць у каталог, які ўпершыню будзе выпушчаны па выніках конкурсу. Яшчэ адно новаўвядзенне - спецыяльная намінацыя "Льняная сукенка". "Гэта водгук конкурсу мадэльераў-дызайнераў і дэманстратараў адзення "Белая амфара", які ў цяперашні час не праводзіцца, але плануецца з часам адрадзіць", - адзначыла Марына Раманоўская. На спаборніцтва заяўлена каля 50 мадэлей сукенак ад студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Пераможцы ўсіх намінацый будуць аб'яўлены і ўзнагароджаны спецыяльнымі прызамі і "Арт-стыпендыямі" 20 мая. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне культуры і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, Цэнтр культуры "Віцебск" пры садзейнічанні Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў.-0-