Студэнты БДТУ прапанавалі Віцебску свае ідэі і праекты па развіцці гарадскіх тэрыторый
6 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Архітэктурна-дызайнерскія канцэпцыі развіцця тэрыторый Віцебска і буйных гарадоў вобласці распрацавалі студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ). Выстава праектаў будучых архітэктараў адкрылася сёння ў аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўлена 10 дыпломных работ студэнтаў, усе праекты выкананы на прыкладзе канкрэтных праспектаў, вуліц, асобных фрагментаў гарадоў. Выкарыстоўваючы сучасныя напрамкі ў будаўніцтве, дыпломнікі паспрабавалі прапанаваць сваё бачанне патэнцыялу развіцця гарадскіх тэрыторый, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца кафедры дызайну архітэктурнага асяроддзя БНТУ, дацэнт Ганна Літвінава. Свежыя ідэі, якія ўвасоблены ў разнабаковых па тэматыцы праектах, павінны зацікавіць архітэктараў і спецыялістаў праектных арганізацый рэгіёна і, магчыма, стаць асновай для перспектыўных гарадскіх новабудоўляў.
Так, архітэктурна-дызайнерская канцэпцыя пешаходнай прасторы ў раёне вул.Суворава Віцебска прадугледжвае падзел гэтай тэрыторыі на тры часткі па наяўнасці прадстаўленых архітэктурных стыляў. "Асноўная ідэя праекта ў тым, каб на невялікім участку горада паказаць прыгажосць і прывабнасць гістарычнага цэнтра, якой падпарадкаваны ўсе астатнія прапановы па насычэнні тэрыторыі малымі архітэктурнымі формамі і новымі аб'ектамі", - адзначыла Ганна Літвінава.
Дызайн-канцэпцыя музея сучаснага мастацтва змяшчае прапанову па стварэнні шматузроўневай прасторы, дзе і прылеглая ландшафтная тэрыторыя можа служыць выставачнай пляцоўкай. "Віцебск лічыцца авангардным горадам у плане развіцця мастацтва, і ў праекце ўдала перададзены дух месца, створана асяроддзе, адпаведнае шагалаўскаму Віцебску", - упэўнена Ганна Літвінава. Канцэпцыя распрацавана з выкарыстаннем элементаў ландшафтнага дызайну, новых відаў арт-дызайну, што адпавядае сучаснаму падыходу ў арганізацыі выставачных прастор на ўзроўні вядучых у гэтым плане еўрапейскіх гарадоў.
У сваіх працах студэнты паспрабавалі захаваць гістарычную спадчыну гарадоў Віцебскай вобласці і інтэрпрэтаваць усё лепшае ў новую архітэктуру, падкрэсліла Ганна Літвінава.-0-