Студэнты-фізікі ствараюць камп'ютарную рэканструкцыю гістарычнага цэнтра Віцебска ў фармаце 3D
Студэнты-фізікі ствараюць камп’ютарную рэканструкцыю гістарычнага цэнтра Віцебска ў фармаце 3D, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава.
Над праектам па візуалізацыі мінулага горада розных эпох у фармаце камп’ютарнай 3D рэканструкцыі працуюць студэнты-фізікі Сяргей Буйніцкі і Арцём Марозаў. Кіраўнік праекта ў ВДУ, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Дзяніс Юрчак адзначыў, што рабяты ўжо стварылі трохмерную рэканструкцыю старажытнага гарадзішча на гары Ламіха (цэнтральная частка сучаснага горада).
Па словах Сяргея Буйніцкага, працуючы ў фармаце 3D рэканструкцыі, можна ствараць карцінкі па гісторыі горада, аднаўляць архітэктурныя збудаванні, паказваючы этапы іх стварэння, заходзіць унутр. "Дадзены праграмны прадукт дае магчымасць вырабляць відэаролікі, у якіх будуць фігураваць не толькі архітэктурныя збудаванні і ўмацаванні, але і людзі той эпохі. Магчыма нават стварэнне электроннага гіда па старажытным Віцебску", - перакананы студэнт.
Дзяніс Юрчак падкрэсліў, што рэалізацыя праекта па 3D рэканструкцыі старажытнага Віцебска магчымая толькі на аснове навуковых даных аб старажытным рэльефе горада, размяшчэнні замкаў, будынкаў і матэрыяльнай культуры кожнай эпохі. "Для захавання гістарычнай праўдзівасці дасканала вывучаем наяўныя публікацыі па дадзенай тэматыцы, а таксама звяртаемся па дапамогу да археолагаў-практыкаў. У прыватнасці, вельмі разлічваем на далейшае цеснае супрацоўніцтва з загадчыцай цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук прафесарам Вольгай Ляўко, якая сама шмат гадоў праводзіла археалагічныя раскопкі ў Віцебску і, спадзяюся, стане навуковым кіраўніком праекта".
Алена Ціханава