Студэнты з чатырох краін спаборнічаюць у танцавальным майстэрстве ў Віцебску
У горадзе на Дзвіне адкрыўся III Міжнародны міжвузаўскі фестываль сучаснага танца "Зрабі крок наперад!". Трохдзённы танцавальны форум сабраў на базе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны найлепшых танцораў з 16 ВНУ Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы. Беларусь на фестывалі прадстаўляюць БНТУ, БДУІР, БДАТУ, БДСГА, ПДУ, ВДУ імя П.М.Машэрава, ВДМУ, ВДТУ і іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі.
"Фестываль 2014 года багаты на новаўвядзенні. Па-першае, гэта конкурсная праграма, у першым блоку якой будуць прадстаўлены калектывы, якія танцуюць у стылі show-dance, krump, jazz-funk, hip-hop. Удзельнікі другога конкурснага блока здзівяць гледача не толькі танцамі ў стылі модерн, джаз-модэрн і контэмпарары, але і пагрузяць гледача ў загадкавы свет аднаактавых балетаў на тэму "Каханне. Сяброўства. Страсць. Танец…". Па-другое, упершыню ў рамках форуму пройдуць майстар-класы і творчыя сустрэчы", - падкрэслілі ў абкаме БРСМ.
Пазнаць усе таямніцы танца рабятам дапамогуць выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, акцёр тэатра і кіно, вядучы акцёр Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, кіраўнік уласнай тэатральнай студыі ў Мінску Канстанцін Міхаленка; дырэктар, харэограф-пастаноўшчык, балетмайстар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра сучаснага танца Alexis Аляксандр Зенчэнка; магістр Акадэміі рускага балета імя Ваганавай, удзельнік AgripinaLab (Санкт-Пецярбург) - аб'яднання прафесійных танцораў і перформераў, харэограф-пастаноўшчык тэлепраекта "Танцуюць усе. Вяртанне герояў, артыст і рэпетытар у мюзіклах "Прарок" і "Метро" Вольга Лабоўкіна.
Першыя батальі танцавальнага нон-стопа ў Віцебску пройдуць сёння. Увечары ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа будзе дадзены старт танцавальнай феерыі першага конкурснага блока. На суд кампетэнтнага журы і шматлікіх гледачоў больш за 150 удзельнікаў прадставяць танец, які найбольш ярка адлюстроўвае характар, тэхніку і майстэрства танцавальнага калектыву. Канчаткова пераможцы фестывалю вызначацца ў другі конкурсны дзень 9 красавіка. Цырымонія іх урачыстага ўзнагароджання і гала-канцэрт запланаваны на 10 красавіка.
Вольга Багачова