Студэнты БДПУ аказваюць прававую дапамогу насельніцтву
Студэнцкая служба прававой дапамогі, або, інакш кажучы, юрыдычная клініка, з'яўляецца самастойным структурным падраздзяленнем Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навучэнцы юрыдычнага факультэта пад кіраўніцтвам дасведчаных педагогаў кансультуюць наваполачан па пытаннях грамадзянскага, працоўнага, жыллёвага, сямейнага і адміністрацыйнага права, а таксама дапамагаюць скласці юрыдычныя дакументы.
Формай працы выбрана грамадская прыёмная, якая праводзіцца паводле графіка ў ВНУ і ў гарвыканкаме, а менавіта ў Публічным цэнтры прававой інфармацыі Наваполацкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. За час свайго існавання служба ўжо паспела напрацаваць пэўны вопыт. За мінулы навучальны год будучыя прававеды разгледзелі больш за 50 зваротаў.
Для насельніцтва гэта магчымасць атрымаць адказ на хвалюючае пытанне, а для саміх студэнтаў – добры вопыт прымянення тэорыі на практыцы. Навучэнцы малодшых курсаў пачынаюць працу ў юрыдычнай клініцы з пасады памочніка кансультанта і толькі потым пераходзяць на больш высокую прыступку і самастойна разбіраюць паступіўшыя да іх звароты. Калі ў пачаткоўцаў прававедаў узнікаюць цяжкасці ці сумненні ў вырашэнні таго ці іншага пытання, яны заўсёды могуць звярнуцца за парадай да выкладчыка, які курыруе службу і каардынуе працу кансультантаў. Характэрна, што допуск да аказання інфармацыйна-прававой дапамогі насельніцтву маюць толькі лепшыя студэнты факультэта, паколькі для залічэння ў службу яны здаюць кваліфікацыйны экзамен. Больш таго, пасля заканчэння ВНУ хлопцам і дзяўчатам, якія працавалі кансультантамі, выдаецца адпаведны дакумент, які зусім не будзе лішнім пры наступным працаўладкаванні.
Другі напрамак дзейнасці – адукацыйны: на выязных лекцыях студэнты навучаюць школьнікаў азам прававой пісьменнасці, якія сёння важна ведаць і падрастаючаму пакаленню.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"