Студэнты ПДУ выбралі бронзаваму школьніку з Полацка сяброўку з мабільнікам і кнігай

21 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Мабільны тэлефон і кніга з'яўляюцца сімваламі студэнта XXI стагоддзя. Так лічаць у Полацкім дзяржаўным універсітэце (ПДУ), дзе завяршыўся конкурс на стварэнне скульптуры сучаснага студэнта, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у выхаваўчым аддзеле ВНУ. Бронзавая дзяўчына з мабільным тэлефонам і падручнікам "прысядзе" на лаўцы ў фае галоўнага корпуса ВНУ ў Наваполацку ўжо ў пачатку наступнага навучальнага года. У ходзе грамадскага абмеркавання шасці конкурсных работ большасць галасоў (185 з 230) аддадзена менавіта гэтай працы таму, што яна ўвасабляе дух сучаснага студэнцтва - імкненне даведвацца новае і заўсёды быць на сувязі. Ноўтбукі, электронныя планшэты і іншыя матэрыяльныя атрыбуты IT-тэхналогій здаліся банальнымі полацкім студэнтам. З імі пагадзіліся члены гарадскога мастацка-архітэктурнага савета і прафесійнае журы, у склад якога ўваходзілі члены Саюза мастакоў Беларусі. Полацкі ўніверсітэт - мабыць, адзіная навучальная ўстанова Беларусі, факультэты якой знаходзяцца ў двух гарадах - Полацку і Наваполацку. Таму адной скульптурай тут не абмежаваліся і вырашылі стварыць дыптых, прысвечаны студэнцтву. Першая скульптура (сярэднявечны школяр) была ўстаноўлена ў канцы 2010 года ля сцен факультэта інфармацыйных тэхналогій у Полацку як даніна памяці першай на тэрыторыі Беларусі вышэйшай навучальнай установе, якой быў заснаваны ў 1581 годзе Стэфанам Баторыем Полацкі езуіцкі калегіум. Другая скульптура па задуме рэктарата ПДУ павінна быць прысвечана сучасным студэнтам і ўстаноўлена ў Наваполацку.-0-