Студэнты далучацца да збору яблыкаў на Талачынскім кансервавым заводзе
Як паведаміў начальнік падраздзялення «Прамысловае садаводства» прадпрыемства Віктар Булыгін, зараз штодзённы збор складае каля 30 т, у перыяд масавай уборкі ён узрасце да 100 т. У мінулым годзе з працай цалкам справіліся да 12 кастрычніка – тады сабралі 5,7 тыс. т. Сёлета з-за маіскіх замаразкаў, якія адбыліся ў перыяд цвіцення дрэў, ураджай будзе крыху меншы. Пад яблыні ў садзе (агульная плошча 640 га) адведзена 337 га пераважна сартоў айчыннай селекцыі. У ліку найбольш хадавых «сябрына» і «беларускае салодкае».
Большая частка ўраджаю рэалізуецца ў Расію. Неўзабаве наступіць чарга груш. Радуюць масіўныя плады беларускай «проста марыі» і амерыканскага «патэн», яны выдатныя на смак і не маюць камяністых уключэнняў. Дарэчы, плошчы пад грушы (цяпер 27,5 га) з наступнага года будуць прырастаць.
На мінулым тыдні садаводы завяршылі збор чарнаплоднай рабіны. Улетку працавалі на ўборцы агрэсту, чорнай і чырвонай парэчкі, палова з якіх ішла на перапрацоўку для вырабу канцэнтраванага соку, астатняе – на рэалізацыю ў свежым выглядзе.
У асноўным талачынская ягада прадаецца ў маскоўскім аптова-раздробным цэнтры «Фуд-Сіці», ацанілі яе якасць і жыхары Санкт-Пецярбурга. Напрыклад, ужо гады тры як расіяне раскуштавалі чырвоную парэчку на галінцы. Ягады прынеслі нядрэнны даход у казну прадпрыемства – у сярэднім 1 кг абыходзіўся аптавікам у суму больш за адзін долар у эквіваленце. Цяпер пакупнікі выбудоўваюцца ў чаргу за талачынскімі яблыкамі і грушамі.