Студэнты з усёй Беларусі прапануюць варыянты вулічнага асвятлення для Полацка

Студэнты з усёй Беларусі прапануюць варыянты вулічнага асвятлення для Полацка, паведамілі ў фондзе "Інтэракцыя".

З 4 па 10 красавіка каманды студэнтаў, куратарамі якіх стануць архітэктары, дызайнеры і тэхнічныя эксперты з Беларусі і Латвіі, будуць працаваць над стварэннем дызайнерскіх рашэнняў па светлавым афармленні горада на форуме "Арх.Пра.Святло" у Полацку. Праекты павінны быць не толькі крэатыўнымі і інавацыйнымі, але і энергаэфектыўнымі. Самыя ўдалыя студэнцкія канцэпцыі і прапановы стануць асновай дызайн-праектаў па асвятленні горада, якія будуць рэалізаваны ў мерапрыемствах праекта "ГарСвятло" або ўключаны ў Стратэгію развіцця гарадскога асвятлення ў Полацку да 2030 года. Акрамя таго, канцэпцыі будуць прадстаўлены на Днях энергіі, якія пройдуць у чэрвені ў Полацку падчас правядзення Еўрапейскага тыдня ўстойлівай энергетыкі.

Асноўная мэта праекта "ГарСвятло" - зрабіць сістэму гарадскога асвятлення ў Полацку больш сучаснай і менш энергазатратнай. Дзякуючы праекту на цэнтральных і ўязных вуліцах горада павінны з'явіцца энергаэфектыўныя свяцільнікі (як святлодыёдныя, так і працуючыя на энергіі сонца і ветру), абновіцца дэкаратыўнае падсвятленне будынкаў і помнікаў, будзе мадэрнізавана і аўтаматызавана агульнагарадская сістэма кіравання асвятленнем. Ініцыятыва стартавала ў канцы 2015 года, асноўнае фінансаванне прадастаўляе ЕС.

Арганізатары форуму "Арх.Пра.Святло" - Полацкі райвыканкам, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларуская асацыяцыя

студэнтаў-архітэктараў, а таксама фонд "Інтэракцыя", які спецыялізуецца на распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, што фінансуюцца ЕС, у Беларусі і суседніх краінах.

Алена Ціханава, БЕЛТА.