Студэнты вядучых аграрных ВНУ Беларусі, Расіі і Украіны збяруцца на навуковай канферэнцыі ў Віцебску
18 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Студэнты вядучых аграрных ВНУ Беларусі, Расіі і Украіны прымуць удзел у 95-й міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Студэнты - навуцы і практыцы АПК", якая пройдзе ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны 20-21 мая. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні савета навукова-даследчых работ студэнтаў віцебскага ВНУ, кандыдат ветэрынарных навук Сяргей Пятроўскі.
Усяго на форуме больш за 200 будучых ветэрынарных спецыялістаў прадставяць свае распрацоўкі, якія ў асноўным носяць прыкладны характар і накіраваны на вырашэнне задач па павышэнні эфектыўнасці канкрэтных прадпрыемстваў АПК. Работа канферэнцыі будзе арганізавана па пяці секцыях і ахопіць шырокае кола пытанняў, звязаных з інавацыйнымі тэхналогіямі ў дыягностыцы, лячэнні, прафілактыцы захворванняў, а таксама ў кіраванні і эканоміцы сучаснай аграпрамысловай вытворчасці. Адна секцыя канферэнцыі будзе прысвечана сацыяльна-гуманітарным дысцыплінам (гісторыя, філасофія і г.д.), на якой будуць прэзентаваны даследаванні студэнтаў, у асноўным па тэме Вялікай Айчыннай вайны і прысвечаныя 65-годдзю Перамогі.
Па выніках навукова-практычнага форуму аўтары пяці лепшых даследаванняў і распрацовак будуць узнагароджаны ганаровымі прызамі, а ўсе ўдзельнікі адзначаны дыпломамі. Акрамя таго, будзе выдадзены зборнік навуковых работ студэнтаў, такая публікацыя адыграе важную ролю на шляху станаўлення будучых навуковых кадраў ветэрынарыі, адзначыў Сяргей Пятроўскі.
Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны з'яўляецца адным са старэйшых ВНУ Беларусі, у 2009 годзе акадэмія адзначыла 85-гадовы юбілей. Вядучы аграрны ВНУ вядзе падрыхтоўку спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу, а таксама выконвае значны аб'ём навуковых даследаванняў. У акадэміі сфармавана 16 навукова-педагагічных школ, 22 выкладчыкі маюць навуковую ступень доктара навук, 183 педагогі - кандыдаты навук, з якіх 12 абаранілі кандыдацкія дысертацыі ў 2009 годзе. Больш за 70% студэнтаў акадэміі пастаянна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай рабоце.-0-