Студэнты ВДМУ адправіліся ў «Зорны паход», каб ушанаваць памяць байцоў, загінулых пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Актывісты студэнцкага прафкама і пярвічкі БРСМ Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, супрацоўнікі выхаваўчай часткі і прарэктар па вучэбна-выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Вольга Сырадоева сталі ўдзельнікамі двухдзённага «Зорнага паходу», прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пачатковай кропкай маршруту стаў помнік камсамольцам-падпольшчыкам Чыгуначнага раёна. Каля яго прайшоў мітынг з ускладаннем кветак. Да станцыі Залучча ўдзельнікі «Зорнага паходу» даехалі дызель-поездам, там маладыя людзі таксама ўсклалі кветкі да помніка загінулым салдатам, ушанаваўшы іх памяць хвілінай маўчання, і працягнулі паход па мясцінах баявой славы да брацкай магілы ў вёсцы Лосвіда. Расказаць аб тых далёкіх ваенных бітвах прыйшлі відавочцы і ўдзельнікі гераічных падзей: ветэраны Іван Асаблівы і Аркадзь Бачкоў.
З чарговай задачай паходу ўдзельнікі таксама справіліся на «выдатна»: невялікі намётавы гарадок вырас на беразе возера Лосвіда. Майстры палявой кухні не падвялі: каша атрымалася на славу! Па выніках конкурсных праграм пераходны кубак заваявала каманда прафкама студэнтаў.
Усе ўдзельнікі «Зорнага паходу» удзячныя за аказаную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні Віцебскаму абласному камітэту прафсаюза работнікаў аховы здароўя і асабіста яго старшыні Уладзіславу Мужычэнку.
Арына МАРЧАНКА, старшыня прафкама студэнтаў БДМУ