Студэнты ВДУ імя П. Машэрава могуць атрымаць дыплом Курскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Дамова аб сумеснай рэалізацыі адукацыйных праграм у сеткавай форме паміж установамі была падпісана падчас візіту дэлегацыі віцебскай ВНУ ў Расію.
– На сустрэчы з рэктарам курскага ўніверсітэта Вячаславам Гваздзёвым было заключана пагадненне, дзякуючы якому нашы студэнты ўжо з гэтага года будуць мець магчымасць атрымліваць другую вышэйшую адукацыю на базе КДУ, – распавёў прарэктар па вучэбнай рабоце ВДУ ім. П. Машэрава Вячаслаў Туркоўскі.
Ён таксама паведаміў, што ў рамках рабочай паездкі віцябляне азнаёміліся з адукацыйным і навуковым патэнцыялам вышэйшай навучальнай установы нашых суседзяў, сустрэліся з загадчыкамі кафедрамі і выкладчыцкім складам юрыдычнага, дэфекталагічнага і мастацка-графічнага факультэтаў, паглядзелі яго матэрыяльна-тэхнічную базу.
Супрацоўніцтва з Курскім дзяржаўным універсітэтам з'яўляецца ўдалым дадаткам да ўжо складзеных адносін з іншымі расійскімі ВНУ: Ноўгарадскім дзяржаўным універсітэтам ім. Я. Мудрага і Смаленскім дзяржаўным універсітэтам.
– На базе гэтых устаноў ужо 4 гады запар нашы магістранты праходзяць стажыроўку, а таксама мы штогод абменьваемся студэнтамі па праграмах акадэмічнай мабільнасці, – адзначыў Вячаслаў Іосіфавіч.
Наталля Камлёва, «Віцебскія весці».