Студэнты Віцебскага дзяржуніверсітэта пачатак новага навучальнага года ўпершыню адсвяткуюць феерверкам

31 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава Дзень ведаў і пачатак новага навучальнага года ўпершыню адсвяткуюць феерверкам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні выхаваўчай работы ВНУ. Свята адбудзецца ўвечары 1 верасня ля Стэлы воінскай славы, узведзенай каля ўніверсітэта ў 2008 годзе, і пачнецца з выканання студэнцкага гімна Gaudeamus igitur. Галоўнымі героямі дзеі будуць больш за тысячу студэнтаў-першакурснікаў. Але паўнапраўнымі членамі дружнага калектыву Віцебскага дзяржуніверсітэта яны змогуць па традыцыі лічыцца пасля цырымоніі пасвячэння ў студэнты ВДУ, якая запланавана на 7 верасня. Сёлета ўпершыню яе ўдзельнікамі стануць студэнты з Туркменістана, якія прыступаюць да вучобы ў віцебскай ВНУ. Падчас цырымоніі, якая адбудзецца ўжо восьмы раз, пройдзе афіцыйнае прадстаўленне факультэтаў універсітэта, знаёмства першакурснікаў з прафесарска-выкладчыцкім складам ВНУ. Студэнты першага курса вымавяць сімвалічную клятву, а рэктар ВДУ Аляксандр Саладкоў уручыць студэнцкія білеты адзінаццаці першакурснікам, якія прадстаўляюць усе факультэты ўніверсітэта. Нязменнымі атрыбутамі ўрачыстага пасвячэння ў студэнты з'яўляюцца зацверджаны ў 2008 годзе сцяг ВДУ і Ганаровае знамя ўніверсітэта, а таксама выкананне гімна Віцебскага дзяржуніверсітэта. Завершыцца цырымонія святочным канцэртам калектываў мастацкай самадзейнасці ВНУ.-0-