Студэнты Віцебскай вобласці прымуць удзел у падрыхтоўцы Гарадка да «Дажынак» і будаўніцтве беларускай АЭС
Дзе падпрацаваць летам? Гэтым пытаннем ужо сёння задаюцца многія навучэнцы і студэнты. Стала цікава і мне, якія магчымасці па працаўладкаванні ў вольны ад вучобы час можа прапанаваць Віцебск.
Для пачатку пошукаць адказ на дадзенае пытанне я вырашыла ў Інтэрнэце. Пасля вывучэння разнастайных сайтаў з актуальнымі вакансіямі па Віцебскай вобласці прыйшла да высновы, што сярод найбольш часта прапанаваных, якія не патрабуюць пэўных прафесійных навыкаў, – расклейшчыкі аб'яваў, аператары па наборы тэксту, распаўсюджвальнікі рэкламных улётак і газет, кур'еры, прамоўтары, фрылансеры і інш. Так што, пры жаданні, знайсці працу, вядома, можна ўжо зараз. Пытанне толькі ў тым, ці апраўдае канчатковы вынік чаканні.
Зыходзячы з уласнага досведу і расповедаў знаёмых, часта маладыя людзі, якія займаюцца пошукам працы ў Інтэрнэце, сутыкаюцца з несумленнымі наймальнікамі, якія не лічаць патрэбным плаціць зарплату сваім часовым супрацоўнікам. Таму, каб не трапіць у няёмкае становішча, лепш адразу выходзіць на добрасумленнага працадаўцу. У гэтым плане правераны і надзейны шлях – Віцебскі абласны штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ, які на працягу многіх гадоў дапамагае моладзі знайсці годныя працоўныя месцы. Пошук вакансій і фарміраванне студэнцкіх атрадаў тут ідуць поўным ходам. У 2014-м годзе асноўны акцэнт зроблены на пашырэнні геаграфіі выязных атрадаў, што дае магчымасць не толькі добра зарабіць, але і акунуцца ў выдатную атмасферу сумеснай працы і адпачынку.
Толькі за 2013 год у складзе студатрадаў працаваў 15101 чалавек, у тым ліку непаўналетнія. 329 маладых людзей працавалі за межамі рэспублікі, 1191 працаўладкаваны індывідуальна. Па заканчэнні асноўнага працоўнага семестра ўжо восенню на Віцебшчыне былі арганізаваны 44 сельскагаспадарчыя атрады (1141 чалавек), 3 экалагічныя (29 чалавек), будаўнічы (22 чалавекі), 241 чалавек працаўладкаваны індывідуальна. А яшчэ 2 сэрвісныя атрады са снежня 2013-га працуюць на Аршанскім мясакансервавым камбінаце: пасля заняткаў навучэнцы мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжа займаюцца экіпіроўкай і фасоўкай банкаў для дзіцячага харчавання. Такім чынам, у круглагадовай занятасці задзейнічана каля 1500 прадстаўнікоў пакалення next.
– На цяперашні час у нас маецца больш за 200 аб'ектаў для працаўладкавання рабят на летні час, а гэта 10 тыс. працоўных месцаў, – адзначае першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Юлія Бутар. – На працягу асноўнага працоўнага семестра плануецца арганізаваць дзейнасць будаўнічых атрадаў. Частка з іх, як і ў мінулым годзе, будзе занята на рэканструкцыі і добраўпарадкаванні малочнатаварных ферм, будаўнічых аб'ектах вобласці. Рабяты возьмуць удзел і ў падрыхтоўцы Гарадку да правядзення фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2014».
Акрамя таго, плануецца арганізацыя рэспубліканскай маладзёжнай будоўлі на аб'ектах Беларускай АЭС у Гродзенскай вобласці, дзе будуць працаваць зводныя атрады з усіх абласных цэнтраў. Ужо зараз фарміруецца будаўнічы атрад для ўдзелу ва Усерасійскай будоўлі
«Баваненкава-2014» у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расійскай Федэрацыі. У планах – далейшае развіццё супрацоўніцтва, павелічэнне колькасці беларуска-расійскіх студэнцкіх атрадаў. Гэтыя і іншыя моманты абмяркоўваліся на рэспубліканскім семінары па арганізацыі другаснай занятасці моладзі, які праходзіў у сярэдзіне лютага на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства былі прадстаўнікі МООО «Расійскія студэнцкія атрады».Акрамя будаўнічых будуць створаны педагагічныя, экалагічныя, сельскагаспадарчыя і сэрвісныя атрады. Так што летам маладыя людзі змогуць папрацаваць, да прыкладу, праваднікамі на складах Расійскай чыгункі ці важатымі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах Краснадарскага краю.
Для таго каб трапіць у будаўнічыя атрады, дастаткова звярнуцца ў штаб працоўных спраў па месцы навучання. Педагагічныя фарміруюцца са студэнтаў адпаведных спецыяльнасцей. Сэрвісныя, экалагічныя і сельскагаспадарчыя даступныя практычна ўсім жадаючым. Падрабязнасці можна даведацца зноў жа ў штабе працоўных спраў установы адукацыі. Пры звароце ў штаб можна сутыкнуцца з неабходнасцю прайсці конкурс, каб трапіць у атрад, у такіх выпадках перавага можа быць аддадзена леташнім удзельнікам або тым, хто падаў заяўкі раней за іншых. Так што, калі вы хочаце правесці лета з карысцю, заняцца гэтым пытаннем трэба ўжо зараз.
Вікторыя Чэкушка, "Віцебскія весці"