Студатрад «Эўрыка» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прызнаны лепшым на закрыцці працоўнага семестра ў Астраўцы
Па выніках працы на аб'ектах Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы студатрад, які носіць імя Героя Савецкага Саюза, ганаровага грамадзяніна Наваполацка Віктара Еранько, лідзіраваў шосты раз запар.
На Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Горад маладосці» трэці працоўны семестр-2020 правялі толькі нашы суайчыннікі. Пандэмія COVID-19 звузіла колькасць студатрадаў. У Астравец, побач з якім будуецца першая ў краіне атамная электрастанцыя, на гэты раз не прыехалі расійскія студэнты.
Наваполацк на праекце прадставілі тры студэнцкія атрады Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Эўрыка», «Зодчие» і «Ритм» былі сфарміраваны ў асноўным са студэнтаў інжынерна-будаўнічага і механіка-тэхналагічнага факультэтаў. Гэтым летам яны ўдзельнічалі ва ўзвядзенні моладзевага цэнтра, шматпавярховага дома, цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы, добраўпарадкавалі вуліцы ў Астраўцы і не толькі.
Упершыню з пачатку праекта ў склад будаўнічых атрадаў ВНУ ўвайшлі дзяўчаты, якія выконвалі малярныя работы, адказвалі за культурна-дасугавую праграму, асвятлялі ў сацсетках мерапрыемствы. А іх нямала прайшло за два месяцы, праведзеных на будоўлі. Бо ўдзел у студатрадаўскім руху – гэта не толькі выкананне вытворчых задач. Моладзь спаборнічае ў творчых, інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах. Па выніках усіх паказчыкаў вызначаюцца лідары.
На закрыцці працоўнага семестра ў Астраўцы лепшым студэнцкім атрадам у чарговы раз прызнана «Эўрыка», якую другі год запар узначальвае студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта Дзмітрый Шчарбенок. Скарбніцу дасягненняў пяцікурсніка папоўніла яшчэ адна персанальная ўзнагарода. На Усебеларускай маладзёжнай будоўлі Дзмітрый пацвердзіў статус лепшага камандзіра. Яго сукурсніца Вікторыя Сысой стала лепшым камісарам атрада, а студэнт 4-га курса інжынерна-будаўнічага факультэта Уладзіслаў Гардынец адзначаны як лепшы баец атрада «Эўрыка».
– Галоўная ўзнагарода – гэта вопыт, які мы атрымалі, – кажа Дзмітрый Шчарбенок. – Даведацца, што такое будоўля знутры, а не з падручнікаў і прэзентацый, дарагога каштуе. Плюс гэта добры заробак, магчымасць стаць больш самастойным, атрымаць прафесійныя навыкі, а яшчэ акунуцца ў атмасферу дружбы, творчасці, актыўнага адпачынку.
Студатрадаўскі рух – адзін з прыярытэтным напрамкаў дзейнасці ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Ён працягвае развівацца, нягледзячы на складанасці, выкліканыя эпідсітуацыяй. Як растлумачыла сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аліна Аўтаненка, упершыню сёлета ў ПДУ быў сфарміраваны вытворчы атрад «Эйфарыя». У яго ўвайшлі 17 студэнтаў розных факультэтаў і спецыяльнасцей, якія прынялі ўдзел у старце Міжнароднага вытворчага працоўнага праекта «Атлант-2020».
У цэлым гэтым летам праз Наваполацкую гарадскую арганізацыю БРСМ працаўладкавана 198 студэнтаў ПДУ і навучэнцаў Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Восем педагагічных атрадаў ВНУ працавалі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах Беларусі, два студатрады – на аб'ектах добраўпарадкавання ў Наваполацку і яшчэ адзін – у Салігорску. Поспехі моладзі ў студатрадаўскім руху – выдатны падарунак да 18-годдзя Наваполацкай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», якая 6 верасня адзначыла дзень заснавання.