Студэнцкія атрады Віцебскай вобласці ўмацоўваюць супрацоўніцтва з Белаярскім раёнам Расіі
"У мінулым годзе ўпершыню наш студэнцкі атрад выехаў на работы ў Белаярскі раён Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі - Югры. Гэта стала адным з вынікаў падпісанага ў 2016 годзе пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Віцебскам і Белаярскім раёнам. Тады хлопцы былі задзейнічаны на будаўніцтве жылога дома. Расійскі наймальнік прыгледзеўся да іх, і сёлета з 1 ліпеня па 30 жніўня 14 байцоў будатрада "Ермак" ім. Баграмяна працавалі ў самым райцэнтры. Сваёй працай яны пацвердзілі, што мы нацэлены на доўгатэрміновае, а не разавае супрацоўніцтва. І падзякі, якія атрад атрымаў ад заказчыка і адміністрацыі раёна, даказалі зацікаўленасць у тым жа з боку нашых партнёраў", - адзначыла камісар Віцебскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Вікторыя Кужалева.
Як растлумачыў камандзір атрада "Ермак" Яўген Дзятлоўскі, яго хлопцы, навучэнцы віцебскіх каледжаў будаўнічага профілю, займаліся добраўпарадкаваннем набярэжнай. Залівалі бетон пад пляцоўку для масавых мерапрыемстваў і ўстанаўлівалі сцэну.
"У гэты раз у атрадзе было ўсяго тры чалавекі з леташняга складу. Я таксама прыехаў другі раз і магу сказаць, што прынялі нас яшчэ лепш, чым раней. Акрамя таго, мы змаглі наведаць дзяцей з комплекснага цэнтра "Міласэрдзе", правялі з імі шмат часу, падарылі падарункі з Віцебска. І ў перапынках паміж працай паўдзельнічалі ў сяброўскіх матчах па футболе, валейболе і стрытболе з камандамі Белаярскага. У наступным годзе нас тут зноў чакаюць - і не важна, на якіх аб'ектах", - распавёў Яўген Дзятлоўскі.
Усяго ў гэтым працоўным семестры 124 маладыя чалавекі з Віцебскай вобласці змаглі папрацаваць за межамі Беларусі ў складзе студатрадаў. Большасць адправілася ў Краснадарскі край, дзе ўжо пяты год запар беларусаў з задавальненнем прыцягвае да працы Усерасійскі дзіцячы цэнтр "Арляня".