Суб'екты малога бізнесу Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік павялічылі плацяжы ў бюджэт на 8,7%
7 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Суб'екты малога прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік павялічылі плацяжы ў бюджэт на 8,7% да Br395,1 млрд. у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года ў супастаўным вымярэнні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
У агульным аб'ёме падатковых паступленняў ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў на долю малых прадпрыемстваў і арганізацый прыпадае каля 78,5% (Br310 млрд.), пры гэтым іх колькасць у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года вырасла на 6,4%, а аб'ём плацяжоў павялічыўся на 9,1%. Індывідуальныя прадпрымальнікі выплацілі каля Br85,1 млрд. падаткаў і збораў (21,5%), што на 7,3% больш, чым за 10 месяцаў 2009 года. Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў вырасла на 0,6%.
Усяго ў вобласці зарэгістравана амаль 37,1 тыс. суб'ектаў малога прадпрымальніцтва, у тым ліку каля 7,7 тыс. юрыдычных асоб і 29,4 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх агульная колькасць вырасла амаль на 2% у параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2009 года. Больш за 14 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў выплачваюць адзіны падатак, яшчэ звыш 5,8 тыс. ІП выкарыстоўваюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.
Найбольш распаўсюджанымі відамі дзейнасці сярод прадстаўнікоў малога бізнесу з'яўляюцца рознічны гандаль, рамонт бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання, на чым спецыялізуюцца каля 48,6% усіх суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. Акрамя таго, 10,5% прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў аказваюць транспартныя паслугі, аптовым гандлем займаюцца 6,9%, будаўніцтвам - 6,1%, гандлем, тэхабслугоўваннем і рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў - 3,3% суб'ектаў прадпрымальніцтва.-0-