Асуджаць дзяцей значна цяжэй, чым дарослых - сябра журы

13 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БелаПАН/. Судзіць дзяцей значна цяжэй, чым дарослых. Такое меркаванне перад пачаткам першай жараб'ёўкі дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2009" выказала журналістам член журы папулярная расійская спявачка Варвара, перадае карэспандэнт БелаПАН. Спявачка падкрэсліла, што ў першую чаргу пры выстаўленні балаў будзе ўлічваць прыродныя даныя і арганічнасць юных артыстаў на сцэне. А ўжо потым таму, чаму іх навучылі педагогі. "Бо калі ў дзіцяці ёсць талент, то навучыцца ніколі не позна", - адзначыла Варвара. Каб не пакрыўдзіць ніводнага з юных удзельнікаў конкурсу, яна добрасумленна збіраецца хадзіць на ўсе рэпетыцыі. "Бывае, што на рэпетыцыі дзіця выступае лепш, а на конкурсе можа паўплываць мандраж. Усё ж такі гэта дзеці", - растлумачыла спявачка.-0-