Суднамадэліст з Воршы два гады майстраваў карабель і атрымаў за яго «золата» на конкурсе ў Расіі
Залаты медаль і Дыплом 1 ступені конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай Дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя» прывёз з Санкт-Пецярбурга аршанец Раман Кнырэў, які ў складзе каманды прадстаўляў на спаборніцтвах Віцебшчыну.
Больш за 300 юных даследчыкаў, рацыяналізатараў, астраномаў, вынаходнікаў, праграмістаў з Беларусі і Расіі ва ўзросце 14-17 гадоў прадстаўлялі на суд журы свае навуковыя распрацоўкі і праекты, судна-, авія-, ракета- і аўтамадэлі, мадэлі-копіі і дзеючыя прылады разнастайнай тэхнікі, праекты палётаў міжпланетных аўтаматычных станцый і новых транспартных касмічных сістэм, сімулятары, трэнажоры, камп'ютэрныя праграмныя прадукты, WEB-сайты, мультымедыйныя анімацыі і прэзентацыі і інш. Непазбежная ўмова конкурсу: усе ўдзельнікі напярэдадні фіналу павінны былі прайсці адборачнае «сіта» ў сваіх рэгіёнах. Лепшыя з лепшых на працягу некалькіх дзён дзяліліся сваімі апошнімі дасягненнямі ў адным з самых маляўнічых куткоў Карэльскага перашыйка – лагеры «Зеркальный», дзе, акрамя прэзентацый і выстаў, прайшлі займальныя майстар-класы і сустрэчы з вядомымі вучонымі.
Радыёкіраваны памежна-вартавы карабль праекта 205П шыфра «Тарантул» МС-520, на выраб якога ў Рамана сышло амаль 2 гады, заваяваў аўтарытэтнае журы і па выніках усіх выпрабаванняў пераўзышоў канкурэнтаў у секцыі «Тэхнічнае мадэляванне». Для 14-гадовага выхаванца гуртка спорту Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Оршы гэтая перамога зусім не выпадковая. У скарбонцы дасягненняў таленавітага хлопца – каля 10 медалёў і дыпломаў пераможцы і прызёра абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па суднамадэльным спорце. Яго галоўны настаўнік і ідэйны натхняльнік – і бацька кіраўнік гуртка па «сумяшчальніцтве» Дзмітрый Кнырэў. У мінулым выхаванец таго ж Цэнтра, пасля службы ў арміі хобі ператварыў у працу і цяпер усе лепшыя напрацоўкі і задумкі ўвасабляе ў жыццё разам са сваімі падапечнымі. «У гуртку я займаюся ўжо 8 гадоў і сваё далейшае жыццё хачу звязаць з тэхнікай, – распавядае Раман. – Упершыню ўдзел у конкурсе «Таленты XXI стагоддзя» прыняў 2 гады таму, але тады мне не хапіла досведу і ведаў усіх патрабаванняў, каб дабіцца перамогі. Аднак прывёз 4 месца і з нецярпеннем чакаў наступнага конкурсу. За гэты час пад кіраўніцтвам кіраўніка гуртка увасобіў даўнюю ідэю ў жыццё – знайшоў старыя чарцяжы «Тарантула» ў архівах Цэнтра, штосьці па крупіцах збіраў у Інтэрнэце. З задавальненнем перагледзеў усемагчымыя савецкія фільмы з удзелам памежнага вартавога карабля і ўзяўся за мадэляванне. Прычым хацелася сконструяваць не проста судна, якое рухаецца наперад, а радыёкіраванае».
І вынік пераўзышоў усе чаканні – глядзіш і бачыш перад сабой паменшаны варыянт сапраўднага легендарнага «Тарантула», да таго ж манеўранага і хуткаснага ў справе. Як і ў кожнага прафесійнага суднамадэліста, ёсць у Рамана і свае сакрэты. Так, для надання матавасці колеру корпуса, юны тэхнік у фарбу дадаваў … зубны парашок. А каб яна не трэскалася на полістыроле, змешваў з дыхлорэтанам. Усе этапы мадэлявання Раман зафіксаваў у прэзентацыі, якая адыграла нямалую ролю пры падвядзенні вынікаў конкурсу.
Вынік сваёй амаль двухгадовай працы хлопец прадставіў і ў Беларусі на 13-й рэспубліканскай спартакіядзе навучэнцаў па тэхнічных відах спорту «ТэхнаСпорт», якая прайшла ў Мінску на Камсамольскім возеры. Адсюль Раман Кнырэў вярнуўся ў Оршу не толькі абсалютным пераможцам, але і кандыдатам у майстры спорту!
Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці». Фота аўтара.