Супермужчыну года абяруць у Сенненскім раёне
12 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Супермужчыну 2010 года выберуць у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Аляксандр Абушкевіч.
Самая чаканая жаночай паловай раёна падзея адбудзецца 23 лютага ў гарадскім пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна. Канкурсанты павінны максімальна поўна раскрыць свае таленты і лепшыя якасці. Ім трэба будзе паказаць візітную картку, стварыць непаўторны рамантычны вобраз і праспяваць хіт для жаночага сэрца і вушэй. Акрамя выканання любоўных балад сапраўдныя мужчыны павінны яшчэ ўмець і танцаваць. На паказальны тур вальса ўдзельнікі запросяць сваіх жонак і сябровак. Падняцца на сцэну ў гэты дзень трэба будзе таксама сябрам, сваякам і калегам па працы канкурсантаў. Групы падтрымкі павінны пераканаць гледачоў і членаў журы, што іх прадстаўнік - самы-самы і варты звання супермена.
Вызначаць самага мужнага, абаяльнага і прывабнага мужчыну раёна будзе жаночае журы. Пры гэтым, каб эмоцыі мілых дам заставаліся пад кантролем, у яго склад уключаны і прадстаўнік моцнага полу, адзначыў суразмоўца.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзелы па справах моладзі і культуры Сенненскага райвыканкама, раённая арганізацыя БРСМ і Багушэўскі пасялковы савет.-0-